Пошук

15.09.2023 13:49   Паводле: varnyany.www.by / Catholic.by

8 верасня ў Варнянах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) на мясцовых могілках адбылося благаслаўленне двух злучаных паміж сабой крыжоў: каталіцкага і праваслаўнага.

Як адзначаецца на сайце парафіі святога Юрыя, мучаніка, у Варнянах varnyany.www.by, устаноўка крыжоў стала выразам добрай волі людзей розных канфесій, іх сяброўства і узаемнай павагі.

Гэты сімвалічны знак хрысціянскага адзінства благаславілі святары абедзвюх хрысціянскіх канфесій, якія з даўніх часоў жвыуць у міры і згодзе на нашай зямлі.

Благаслаўленне крыжоў здзейснілі пробашч варнянскай парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі і айцец Мікалай Уцякалка, які нясе служэнне ў храме святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах. У гэты дзень разам са сваімі святарамі на могілках сабраліся вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, каб прыняць удзел у набажэнстве. Пасля благаслаўлення крыжоў малітву за памерлых спачатку прамовіў айцец Мікалай, а пасля ксёндз Віктар правёў адпаведнае набажэнства.

Ксёндз Віктар Захарэўскі, які ініцыяваў ідэю стварэння і ўстаноўкі гэтых крыжоў і якому за гэта ўдзячныя мясцовыя жыхары, лічыць, што мястэчка Варняны, дзе ў сяброўстве жывуць праваслаўныя і католікі, дзе ёсць касцёл і царква, даўно патрабаваў аб’екта, які стане агульным сімвалам дзвюх канфесій. І вось ён з’явіўся на мясцовых могілках.

«У Варнянах ёсць і касцёл, і царква, а вось могілкі адны, на якіх спачываюць усе памерлыя, незалежна ад веравызнання. Таму і нарадзілася ідэя, каб на могілках з’явіліся два злучаныя крыжы. Мы — адна мясцовасць, у нас адзін Бог, таму мы павінны жыць у братэрстве, міры і згодзе. Цешуся, што айцец Мікалай падтрымаў ідэю і згадзіўся разам асвяціць крыжы і фігуру Божай Маці, якая знаходзіцца паміж крыжамі. З волі Божай адбылося гэта 8 верасня, у дзень нараджэння Маці Божай», — адзначыў ксёндз Віктар Захарэўскі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа