Пошук


Раніцай 21 красавіка, ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, у мінскай архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша з рэзурэкцыйнай працэсіяй.

Працэсію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу шматлікіх прысутных вернікаў на тое, што хрысціянскае велікоднае прывітанне «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» выключае факт Уваскрасення з несапраўдных звестак, або з fake news, як цяпер прынята гаварыць.

«Гэтае прывітанне абвяшчае тую праўду, на якой базуецца наша вера, — падкрэсліў іерарх. — Змёртвыхпаўстанне Езуса — гэта падмурак нашай веры, як вучыць св. апостал Павел.

Без фізічнага Змёртвыхпаўстання Езуса няма збаўлення. Калі б Езус быў забальзамаваны і мільёны турыстаў наведвалі Яго, то хрысціянства было б не рэлігіяй, а толькі прыгожай легендай ці традыцыяй».

Сведкамі Уваскрасення, па словах арцыбіскупа, з’яўляюцца пусты гроб Езуса, Яго сустрэчы з апосталамі і простымі людзьмі. Пра ўваскрасенне Езуса пішуць таксама свецкія крыніцы — напрыклад, успамінае пра гэта гісторык Юзаф Флавій у кнізе «Юдэйская вайна».

Хрысціянства, дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, засноўваецца на праўдзе Змёртвыхпаўстання, дзякуючы чаму яно не знікла, нягледзячы на шматлікія ганенні, намаганні атэістычных філосафаў і г.д.

У прыватнасці, адзначыў іерарх, французскі філосаф Агюст Конт меў намер заснаваць новую рэлігію, якая перавышала б хрысціянства. Ён хацеў назваць яе пазітывізмам, бо яна павінна была быць вельмі простай і без усялякіх таямніцаў. На гэты яго намер шатландскі пісьменнік Томас Карлэйл адказаў наступным чынам. Для гэтага неабходна прамаўляць так, як ніколі не прамаўляў ніякі чалавек. Жыць так, як дагэтуль не жыў ніхто іншы. Потым неабходна ўзысці на крыж і на ім памерці. І нарэшце, на трэці дзень уваскрэснуць. Толькі тады твая рэлігія будзе мець шанц трываць вечна.

«Змёртвыхпаўстанне Езуса таксама з’яўляецца падмуркам надзеі на наша ўваскрашэнне, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Практыка штодзённага жыцця з нараджэннем і смерцю чалавека прызвычаіла нас да факту, што існуе толькі пераход у адным напрамку без вяртання — а менавіта з жыцця да смерці.

Змёртвыхпаўстанне сведчыць аб чымсьці іншым. Хрыстус сам уваскрос і запэўніў, што той, хто верыць у Яго, таксама ўваскрэсне. Таму мы маем права казаць, што дарам Уваскрослага Езуса з’яўляецца наша будучыня».

«Ці заўсёды мы прымаем гэты дар? — запытаўся іерарх. — Ці голас рэзурэкцыйных званоў адрадзіў у нас гэтую радасць? Ці дзелімся мы ёю з іншымі?

Наступае вясна, снег сышоў. Няхай ніколі не сыдзе з нашага жыцця праўда Змёртвыхпаўстання, каб мы заўсёды заставаліся людзьмі ўваскрасення і, падобна жанчынам-міраносіцам і апосталам, неслі сучаснаму свету гэтую збаўчую праўду».

Арцыбіскуп павіншаваў вернікаў на розных мовах і пажадаў ім ласкі і супакою Уваскрослага Пана.

Абноўлена 18.07.2019 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа