18 красавіка, у Вялікі чацвер, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылася Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. На Імшу прыбылі святары магілёўскай часткі архідыяцэзіі, законныя сёстры і вернікі.
На пачатку біскуп павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства. «Вялікі чацвер — гэта дзень хвалы Богу за вялікі дар святарства. <…>
У гэты дзень, аднаўляючы нашыя святарскія абяцанні, у пакоры сэрца зноў даверым Богу ўсё нашае святарскае жыццё.
Сённяшняй урачыстасцю Касцёл таксама выказвае падзяку святарам за іх службу, дзякуючы якой таямніца Божага жыцця кожны дзень прысутнічае ў свеце, і моліцца аб новых пакліканнях да Божай службы», — сказаў ён.
У гаміліі іерарх адзначыў:
«Ранішняя літургія Вялікага чацвярга ставіць у цэнтры благаслаўленне святых алеяў — алею катэхумэнаў, алею намашчэння хворых і алею хрызма.
Апошні выкарыстоўваецца для ўдзялення святых сакрамэнтаў, якія даюць Духа Святога, — хросту, канфірмацыі, прэзбітэрскага і біскупскага пасвячэнняў. Тры алеі. Гэтыя алеі адлюстроўваюць тры вымярэнні альбо тры ўмовы хрысціянскага існавання».
«Намашчэнне алеем катэхумэнаў, якое адбываецца яшчэ перад хростам, перадае нам праўду, што не толькі чалавек шукае Бога, але і Бог знаходзіцца ў пошуку чалавека і ідзе побач, каб падтрымаць яго на шляху да выйсця з бездані граху, даючы адпаведныя сілы, каб змагацца са спакуснікам. Уступленне чалавека на шлях, які вядзе да Езуса, з’яўляецца першым спосабам дакранання да Хрыста і Святога Духа.
Алей намашчэння хворых прызначаны для вялікай грамады людзей, пакутуючых ад цялесных хваробаў, з усімі іх нягодамі, надзеямі і адчаем. (…) Алей намашчэння хворых з’яўляецца бачным, сакрамэнтальным праяўленнем місіі Касцёла, які, між іншым, лечыць хваробы і пакуты праз клапатлівую любоў да ўбогіх душой і целам. У імя веры і любові Касцёл пакліканы паставіць сябе побач з церпячымі, даючы сведчанне аб Божай дабрыні.
І трэці, самы важны з касцёльных алеяў, — алей хрызма. (...) Алей хрызма выкарыстоўваецца падчас хросту, канфірмацыі, прэзбітэрскага і біскупскага пасвячэнняў. (…) Хрост і канфірмацыя — гэта тыя сакрамэнты, якія далучаюць нас да выбранага Божага народу, а намашчэнне падчас хросту і канфірмацыі далучае нас да агульнага святарскага служэння на карысць усяго чалавецтва.
Алей хрызма нагадвае ўсім хрысціянам, што яны — народ святарскі ў гэтым свеце, пакліканы паказваць жывога Бога іншым, сведчыць аб Ім і прывесці чалавека да Створцы. Усім нам трэба прыкласці намаганні, каб адкрыць сучаснаму чалавеку сапраўдны шлях да Бога і не быць перашкодай з-за нашага антысведчання».
Абвяшчэнне Добрай Навіны сціплымі слугамі на ніве Пана не абыходзіцца, як дадаў іерарх, без цяжкасцяў, без крыжа. «Чалавецтва Хрыста было прасякнута моцай Духа Святога. Таксама і мы адкрываем нашую чалавечую натуру на дары Духа Святога. Чым больш мы злучаемся з Хрыстом, тым больш мы напоўнены Яго Духам, Святым Духам. Плённасць нашага святарства залежыць ад нашага ўмення быць у лучнасці з Хрыстом, ад якога сыходзіць нашае святарства, — дадаў ён. —
Лучнасць з Панам таксама захоўвае нас ад таго, каб быць простымі “менеджэрамі” святых рэчаў, захоўвае ад страты адчування, што мы “пасланыя”, каб мы не ўступілі на свой шлях і ў выніку не трапілі ў тысячы формаў адносін выключна да самога сябе».
«Адным з аспектаў святарства Хрыста быў факт ахвяравання сябе за іншых, — адзначыў іерарх. — Гэта праяўляецца ў знаку крыжа як сімвалу жыцця, цалкам прысвечанага плану Айца і служэнню людзям, асабліва грэшным, каб вярнуць іх да Айца».
Як дадаў біскуп, святы Ян Павел II нагадваў, што крыж у жыцці святара з’яўляецца не дарожна-транспартным здарэннем, якое альбо адбудзецца, альбо не, а шляхам, які трэба прайсці. «Будзем жа ўзрастаць у веры, каб цаніць крыж, не адкідаць яго, а шукаць і верна несці заўсёды», — заклікаў іерарх.
«Нашае служэнне абавязвае нас да жыцця, натхнёнага евангельскім радыкалізмам тых, хто захапіўся прыкладам Езуса, — звярнуў ён увагу. — Такім чынам нашая ахвяра і адрачэнне перамяняюцца ў свабоду і радасць аўтэнтычнага святарскага жыцця, і мы адчуваем: сэнс нашай святарскай беднасці ў тым, каб даваць, бо ў гэтым больш радасці, чым калі атрымліваеш. Сэнс цэлібату мы знойдзем у адданасці Богу і ў любові да бліжніх, асабліва да бедных і пакінутых. Абяцанне паслухмянасці мы выконваем, ахвяруючы сябе і ўсе свае сілы служэнню Касцёлу, што рэалізуецца ў супольнасці лакальнага Касцёла».
Іерарх падзякаваў прысутным духоўным асобам за супрацоўніцтва, руплівасць у выкананні святарскіх абавязкаў, цёплыя адносіны, якія, пасля больш блізкага знаёмства з імі і з магілёўскай рэчаіснасцю, асабіста адчувае.
Падчас Імшы адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею хрызма. Таксама са словамі віншавання і шчырай удзячнасці ў адрас прысутных святароў і біскупа звярнуліся вернікі.
Пасля Імшы адбылася сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага са святарамі, падчас якой былі абмеркаваны бягучыя справы.
Таксама духавенства Магілёўскага рэгіёну ў межах сталай фармацыі распачало цыкл сустрэч на тэму літургіі і цырымоніі, які будзе праводзіць кс. Андрэй Кеўліч з Горак.
На першай сустрэчы кс. Андрэй патлумачыў неабходнасць пазнавання і адкрыцця багацця Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала і Уводзінаў да імшальных чытанняў.
«Эўхарыстычная цэлебрацыя — гэта дзеянне Хрыста і Касцёла, які з’яўляецца святым людам, з’яднаным пад кіраўніцтвам біскупа, — адзначыў, у прыватнасці, кс. Кеўліч. — Таму яна адносіцца да ўсяго Цела Касцёла, выяўляе яго і ўздзейнічае на яго; яна па-рознаму датычыць кожнага з яго асобных членаў, у залежнасці ад рознасці станаў, абавязкаў і чыннага ўдзелу. <…>
Эўхарыстычная цэлебрацыя прыносіць карысць там, дзе святары і адказныя за літургічнае пастырства рупяцца аб тым, каб знаёміць з абавязковымі літургічнымі кнігамі і з адпаведнымі нормамі, звяртаючы ўвагу на вялікія багацці Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала і Уводзінаў да імшальных чытанняў».