15 красавіка ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства, на якім прысутнічала каля 80 чалавек. Ганаровым госцем стаў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, перад спажываннем пасілку прысутных прывіталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар дома начнога прабывання ў Гродне Яўген Ярмантовіч і прадстаўнікі Дабрачыннага кaталіцкага таварыства Caritas, пры падтрымцы якога было арганізавана мерапрыемства.
Іерарх павіншаваў сабраных з надыходзячым святам Вялікадня і пажадаў, каб, нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны, ніхто не адчуваў сябе самотным і пакінутым.
«Езус можа запоўніць вашыя сэрцы і адказаць на патрэбы душы. Ён любіць кожнага з вас, — запэўніў пастыр. — Важна і тое, што вы прынялі нашае запрашэнне і сабраліся тут, каб разам правесці час у братэрскай атмасферы».Біскуп благаславіў пасілак, а потым асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы яйка, якое з’яўляецца сімвалам плоднасці, адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.
Сабраных частавалі курыным булёнам, смажанымі каўбаскамі з бульбай і салёнымі агуркамі, а на дэсерт — традыцыйным пасхальным кулічом.
Акрамя святочных сустрэч перад Вялікаднем і Божым Нараджэннем, для патрабуючых штодня ладзяцца дабрачынныя абеды ў назарэтанскай сталоўцы. Калі людзі маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, яны таксама маюць магчымасць звярнуцца ў Caritas з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Знайсці прытулак на ноч бяздомныя могуць у гарадскім доме начнога прабывання.