Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
УВАСКРОСЛЫ ХРЫСТУС — НАША НАДЗЕЯ
Пастырскае Пасланне на Вялікдзень 2019
«Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам, бо асвяціў цябе промень спрадвечнага Валадара.
Цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся ад цемры».
(З пасхальнага гімну Exsultet)
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Гэтымі словамі велічнага пасхальнага гімну Exsultet («Узрадуйцеся») Касцёл у вігілію Пасхі абвяшчае свету радасць гэтай адзінай у гісторыі чалавецтва ночы, якая «была годнаю ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых» (Exsultet).
Пасля трагедыі Вялікай пятніцы, калі здавалася, што «каралеўства цемры» перамагло, надышла ноч, якая папярэджвае «трэці дзень», у які Хрыстус уваскрос.
Урачыстасць Уваскрасення Хрыста з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб паразважаць як над таямніцай паўстання Езуса з мёртвых, так і над неабходнасцю духоўнага адраджэння нас і нашага грамадства.
2. Праўда пра ўваскрасенне з’яўляецца падмуркам нашай веры. Нездарма св. апостал Павел кажа, што «калі б Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1 Кар 15, 14). І адразу дадае: «Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 20). Без праўды ўваскрасення хрысціянства было б збудаваным на пяску домам, які хутка і лёгка разбурылі б патокі вады і вятры (пар. Мц 7, 24–27).
Адкуль мы ведаем, што Хрыстус уваскрос? У тыя часы не было ні журналістаў, ні часопісаў, ні радыё, ні тэлебачання, ні інтэрнэту, ні камер назірання, ні касмічных апаратаў. Больш за тое, ні адзін з евангелістаў не апісвае моманту ўваскрасення.
Перш за ўсё неабходна сказаць, што сам Езус шмат разоў гаварыў пра будучае ўваскрасенне. Так, напрыклад, пасля вызнання апосталам Пятром веры ў Хрыста як Сына Бога Жывога ў ваколіцах Цэзарэі Філіпавай (пар. Мц 16, 16) Ён казаў сваім вучням, што «павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць» (Мц 16, 21).
Акрамя запаведзі свайго ўваскрасення, Езус некалькі разоў паказаў сваю ўладу над жыццём і смерцю, аб чым сведчыць уваскрашэнне дачкі начальніка сінагогі Яіра (гл. Мк 5, 39–42), сына ўдавы з Наіна (гл. Лк 7, 12–15) і Лазара (гл. Ян 11, 42–44). Цікава, што перад уваскрашэннем Лазара Езус сказаў яго сястры Марце: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25). Усё гэта з’яўляецца прадказаннем цуду ўласнага ўваскрасення.
Вера ва ўваскрасенне Езуса нарадзілася з дзвюх крыніц: з пустога гробу Езуса і сустрэч з Уваскрослым Ягоных вучняў і простых людзей.
Першым і галоўным сведкам праўды перамогі Хрыста над смерцю з’яўляецца пустая магіла Езуса, што ўбачылі жанчыны, якія на трэці дзень раніцай прыйшлі, каб паводле юдэйскага звычаю намасціць Яго цела духмянымі алеямі (гл. Лк 24, 1–3). Больш за тое, разгубленыя і напалоханыя, яны нечакана ўбачылі двух мужчын у бліскучым адзенні, якія сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5–6).
Нягледзячы на пярэпалах, яны паведамілі аб гэтым апосталам і такім чынам сталі першымі, хто абвясціў пасхальную праўду ўваскрасення (гл. Лк 24, 10).
Як вядома, потым туды скіраваліся апосталы Пётр і Ян. Яны знайшлі пустую магілу (гл. Ян 20, 2–8), што сведчыла аб перамозе Хрыста над смерцю.
Другой крыніцай праўды ўваскрасення з’яўляюцца сустрэчы ўваскрослага Езуса як з апосталамі, так і са шматлікімі іншымі людзьмі. Найперш Езус стаў перад жанчынамі-міраносіцамі, якія спяшаліся да апосталаў, каб перадаць ім вестку аб Яго ўваскрасенні. Тады Ён выйшаў ім насустрач і сказаў: «Вітайце <…> Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць» (Мц 28, 9–10).
Далей наступае шэраг сустрэч з апосталамі. Па дарозе ў Эмаўс, калі вучні Хрыста пазналі Яго толькі пры ламанні хлеба і пайшлі абвясціць іншым апосталам аб цудзе ўваскрасення (гл. Лк 24, 13–35). У Вячэрніку, калі сярод іх не было Тамаша і калі Езус дазволіў ім дакрануцца да сябе і нават разам з імі еў рыбу (гл. Лк 24, 36–45; Ян 20, 19–23). Наступная сустрэча праз тыдзень ізноў у Вячэрніку ўжо ў прысутнасці Тамаша, якому Езус дазволіў укласці пальцы ў свае раны і быць веруючым, а не няверуючым. Пры гэтым Езус сказаў, што шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў (пар. Ян 20, 24–29).
Акрамя гэтых сустрэч, Святое Пісанне ўзгадвае і іншыя, у тым ліку досвед Саўла пад Дамаскам, калі святло ўваскрослага Езуса асляпіла руплівага ганіцеля хрысціянаў і ўчыніла з яго Апостала народаў св. Паўла (гл. Дз 9, 1–19).
З гэтых сустрэчаў можна зрабіць выснову, што Езус сапраўды ўваскрос.
Ягонае сапраўднае і рэальнае цела мае пры гэтым таксама новыя ўласцівасці праслаўленага цела. Яно ўжо не абмежавана часам і прастораю, але можа знаходзіцца своеасаблівым чынам там, дзе Ён пажадае, і тады, калі пажадае (гл. Мц 28, 9. 16–17; Лк 24, 15. 36; Ян 20, 14. 19. 26; 21, 4), паколькі Яго чалавечая натура ўжо больш не можа быць звязанай з зямлёю і падлягае выключна Боскай уладзе Айца (гл. Ян 20, 17), пра што сведчыць, напрыклад, уваход Езуса ў Вячэрнік пры зачыненых дзвярах (пар. KKK 645).
Апошняя сустрэча Езуса з апосталамі адбылася ў дзень Яго Унебаўшэсця, калі Ён даручыў ім апостальскую місію ісці і абвяшчаць Евангелле ўсяму свету (пар. Мц 28, 18–20). З таго часу Касцёл сведчыць пра тое, што Пасхальная таямніца вядзе да нараджэння новага, духоўна адроджанага чалавецтва.
3. Праўда ўваскрасення, будучы найбольш каштоўным Божым дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Яна адкрыла шлях да нашага духоўнага адраджэння і стала своеасаблівым «дарожным знакам» у нашым штодзённым жыцці. Хрысціянін не ўцякае з гэтага свету, але надае яму боскі сэнс. Святы апостал Павел вучыць:
«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Клс 3, 1–2).
Чаго ж трэба шукаць «у вышынях»? Адказ дае той самы апостал Павел: міласэрнасці, лагоднасці, пакоры, далікатнасці, доўгацярплівасці, цярплівасці адзін да аднаго, узаемнага прабачэння і любові, якія з’яўляецца повяззю дасканаласці (пар. Клс 3, 12–14).
Гэта не што іншае, як духоўная праца над самім сабой. Гэта штодзённы пераход знізу ўверх па духоўнай лесвіцы. Каб гэтая праца была плённай, мы патрабуем Божай ласкі, якую атрымліваем праз паслугу Касцёла дзякуючы Пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста. Менавіта яна дае нам сілу для пераходу з граху да цноты, са смутку да радасці, са смерці да жыцця.
Праўда ўваскрасення датычыцца кожнага з нас. Мы «акунуліся» ў яе дзякуючы сакрамэнту хросту. Праз сваё ўваскрасенне Хрыстус адкрывае нам доступ да новага духоўнага жыцця. Прыгожа аб гэтым кажа Апостал народаў: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе будуць ажыўлены» (1 Кар 15, 22).
З Божай волі апошняе слова ў чалавечым лёсе належыць не смерці, а жыццю.
Апошняе слова — гэта не магіла, не смерць, але жыццё, бо ў магіле смерць была пераможана і нарадзілася жыццё, як кажа папа Францішак. Менавіта таму Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае пакінуць роспач і жыць надзеяй, у якой мы збаўлены (пар. SS 1).
Праўда ўваскрасення прадстаўляе шырокую перспектыву чалавечага жыцця. Яна ўводзіць у подых вечнасці, пераадольвае страх сучаснага чалавека перад будучыняй, дапамагае перажыць складанасці жыцця, умацоўвае надзею і, паводле вучэння св. апостала Паўла, заклікае жыць не для сябе, але для Хрыста (пар. 2 Кар 5, 15).
4. Акрамя нашага асабістага ўваскрасення, неабходна таксама і грамадскае. Уся наша краіна павінна ўваскрасаць да новага духоўнага жыцця.
Сацыяльна-палітычныя перамены 90-х гадоў мінулага стагоддзя далі новыя магчымасці. Да гэтага благаслаўлёнага часу наша краіна ішла шляхам цярпенняў за веру і адначасова шляхамі яе мужнага вызнання і малітвы. Прадказаны Марыяй у Фаціме ў далёкім 1917 г. працэс навяртання распачаўся тры дзесяцігоддзі таму.
Але ці мы належным чынам выкарыстоўваем дадзеныя Божым Провідам магчымасці? Ці святло ўваскрасення перамяняе нас асабіста і ўсю нашу краіну? Ці будуем мы наша асабістае і грамадскае жыццё з Богам? Ці чынім усё магчымае, каб у нашых душах і заканадаўстве знайшлося годнае месца для Бога? Ці на дзяржаўным і асабістым узроўні сапраўды хочам захаваць нашы сем’і ад крызісу, які нясе біч разводаў, «свабодных саюзаў» мужчыны і жанчыны без касцёльнага благаслаўлення, патрабавання супярэчных Божаму праву аднаполых саюзаў і прапаганды гендарнай ідэалогіі? Ці належным чынам клапоцімся аб захаванні найбольш каштоўнага Божага дару жыцця і пераадолення яго крызісу, які вядзе да генацыду нашага народу, у выніку чаго Беларусь апынулася ў «дэмаграфічнай яме»? Ці нашыя СМІ і культура чуваюць над маральным выхаваннем нашага народа на хрысціянскіх каштоўнасцях?
Асаблівай увагі патрабуе моладзь, якая паддадзена ўздзеянню амаральнага свету праз рэкламу, сродкі камунікацыі, стыль жыцця, забавы і задавальненні. Імкненне да амаральнага бізнесу і прыбытку вядзе да незваротных зменаў у моладзевай псіхіцы і маральнасці.
Дарагая моладзь, будуйце сваё жыццё на моцным фундаменце, якім ёсць Хрыстус і вучэнне Касцёла, і будзьце адважнымі сведкамі ўваскрасення Хрыста. Не дазвольце, каб хтосьці вырваў з вашых сэрцаў Бога. Памятайце, што вашы целы павінны быць святынямі Духа Святога (пар. 1 Кар 6, 19).
5. На нашых вачах беларускаму народу прышчэпліваецца нігілістычная ідэалогія, якая клапоціцца не пра пошук Божай праўды, а пра яе знішчэнне.
Таму сёння нам неабходна паглядзець на нашы справы з перспектывы ўваскрасення. У шматлікіх сферах нашага асабістага і грамадскага жыцця мы бачым дыктат практычнага матэрыялізму. Прапагандуецца стыль жыцця, у якім няма месца Богу. Яго замяняе чалавек, вартасць якога часта вымяраецца фізічнай і гаспадарчай эфектыўнасцю, рахункам у банку і забеспячэннем прыемнасцяў. Усяму гэтаму неабходна супрацьпаставіць праўду пра святасць чалавека, які створаны па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 26) і збаўлены каштоўнаю крывёю Хрыста (пар. 1 П 1, 19).
6. Браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыста! Віншую тых хрысціянаў, якія сёння таксама святкуюць гэтае свята святаў! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз тыдзень будуць святкаваць Пасху!
Віншую ўсіх людзей добрай волі!
Дзялюся з усімі вамі радасцю ўваскрасення Хрыста.
Веру, што ўваскрослы Хрыстус дапаможа нам годна адказаць на выклікі часу. Гэта Ён сёння нам кажа: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).
Ад пустой магілы Хрыста з надзеяй і адвагай пойдзем у будучыню, бо з намі ўваскрослы Езус. А калі Ён з намі, то хто супраць нас? (пар. Рым 8, 31)
Гэтыя свае велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, † і Сына, і Святога Духа. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 14 красавіка 2019 г.,
Пальмовая нядзеля
Выкарыстаная літаратура і скарачэнні:
1. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК).
2. Папа Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Spe salvi (SS).
3. Pope Francis. Regina Cæli. Saint Peter’s Square. Easter Monday, 17 April 2017.
P.S. Душпастырам належыць прачытаць гэтае пасланне вернікам ва ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста 21 красавіка 2019 г.