Пошук

08.04.2019 14:16   Тэкст і фота: с. Марыя Пія СR / Catholic.by

7 красавіка група моладзі з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку — невялікая, але з вялікімі намерамі, — разам з сястрой Марыяй Піяй, змёртвыхпаўстанкай, здзейсніла падарожжа па роднай Беларусі.

Вандроўка распачалася ў нядзельную раніцу. Перш за ўсё моладзь паспяшалася на св. Імшу ў касцёл св. Андрэя ў Нарачы, што стала першым пунктам яе нядзельнага падарожжа.

Падмацаваныя Божым словам і Эўхарыстыяй, маладыя вандроўнікі вырушылі далей.

Кіруючыся далей на захад, яны наведалі Гервяты — вёску ў Астравецкім раёне, дзе знаходзіцца адна з найпрыгажэйшых святыняў нашай Бацькаўшчыны — касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Каля яго маладыя новапалачане адчулі сябе як быццам побач з адным з лепшых шэдэўраў гатычнай архітэктуры Еўропы.

Потым былі Гальшаны і Крэва, дзе вандроўнікаў уразілі сваёй веліччу руіны замка Сапегаў і замка, які стаў сведкам вялікіх гістарычных падзеяў Вялікага княства Літоўскага.

Нарэшце, моладзь пазнаёмілася з асобай славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў ягоным колішнім фальварку ў Залессі. Напэўна, менавіта ў пошуме ветру ў кронах дрэваў мясцовага парку таленавіты гаспадар калісьці пачуў шчымлівую мелодыю свайго самага знакамітага твору — паланэза «Развітанне з Радзімай».

Вяртаючыся ў Наваполацк, вандроўнікі затрымаліся на мядзельскай Кальварыі, каб падзякаваць Пану Богу за ўсе ласкі, якія атрымалі ў гэты цудоўны дзень, а таксама за багатую гісторыю роднай зямлі.

«Мы заўсёды з вялікім захапленнем наведваем розныя краіны, а так мала ведаем пра месца, дзе нарадзіліся і жывем, дзе адбываліся падзеі, якія вырашалі лёс не толькі Беларусі, але часам і ўсёй Еўропы»,— кажа адна з удзельніц вандроўкі, дзелячыся сваімі незабыўнымі ўражаннямі.

Абноўлена 08.04.2019 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа