Пошук

05.04.2019 10:03   Catholic.by

Фота Віталія Палінеўскага

Як паведаміла 4 красавіка прэс-служба Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі кс. архімандрыта Яна Сяргея Гаека МІС, беларускія католікі ўсходняга абраду салідарныя з заявай Старшыні ККББ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адносна сітуацыі ў Курапатах і далучаюцца да малітвы перапрашэння за блюзнерчыя дзеянні ў святым месцы.

Паведамленне прэс-службы
Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека)

Раніцай 4 красавіка 2019 года ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, у месцы загубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў, пачаўся дэмантаж і вываз крыжоў, якія былі ўсталяваныя грамадскасцю на працягу некалькіх гадоў. Дагэтуль невядома мэта гэтага акту.

Крыж для хрысціянаў з’яўляецца святым сімвалам пакуты і збаўчай смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для ўсіх людзей абсягу хрысціянскай цывілізацыі крыж з’яўляецца сімвалам памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насілля.

Курапаты — гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасцей і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій у першай палове ХХ стагоддзя.

Важнасць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая ўключыла гэтае месца ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэнне.

У сувязі са зносам крыжоў, усталяваных грамадскасцю ва ўрочышчы Курапаты, мы поўнасцю салідарныя з Заявай Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які, між іншым, напісаў:

«Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі».

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост у пятніцу 5 красавіка 2019 г., праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму ў бліжэйшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка 2019 г., бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.

Протапрэзбітар Яўген Усошын

Прэс-служба Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі

Мінск, 4 красавіка 2019.

Абноўлена 05.04.2019 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа