Пошук

04.04.2019 20:45   Catholic.by
Фота Кацярыны Адамчык

У пятніцу 5 красавіка Старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвочвае падчас набажэнстваў Крыжовага шляху ва ўсіх касцёлах Беларусі маліцца ў інтэнцыі экспіяцыі, або перапрашэння за ўсе знявагі Святога Крыжа, здзейсненыя на нашай зямлі.

Кожная пятніца, асабліва ў перыяд Вялікага посту, — гэта дзень, калі вернікі закліканы ўзгадваць муку Хрыста і Яго смерць на крыжы, якая стала цаною адкуплення чалавецтва з няволі граху і смерці. Крыж — жахлівая прылада ганебнай смерці ў старажытнасці — для хрысціянаў з’яўляецца святым знакам адкуплення, які асаблівым чынам ушаноўваецца. Крыжы вянчаюць хрысціянскія святыні, ставяцца на раздарожжах, узносяцца над магіламі вернікаў.

Тыя, хто імкнуўся знішчыць Хрыста, прыбілі Яго да крыжа, а тыя, хто імкнецца знішчыць хрысціянства, знішчае крыжы. На жаль, гісторыя нашай зямлі ведае шмат прыкладаў такога страшнага святатацтва, як знішчэнне крыжоў і святыняў, а памяць людская захавала таксама і тое, які незайздросны лёс пазней напаткаў найбольш утрапёных «змагароў» з Укрыжаванай Любоўю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрашае ўсіх вернікаў Беларусі асаблівым чынам прасіць падчас набажэнстваў Крыжовага шляху прабачэння за кожны грэх святатацтва супраць Святога Крыжа, учынены на нашай зямлі ва ўсе часы.

У набажэнствах можна выкарыстаць разважанні брата Эмануэля Юрана, які належыць да манаскай супольнасці баніфратраў, а таксама словы, якія біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл., змясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Крыж — знак збаўлення кожнага чалавека Хрыстом!

Крыж — знак бязмежнай любові Бога да чалавецтва!

Так, як сёння аднесліся да Крыжоў у Курапатах, напаўняе сэрца болем, смуткам, пакідае шмат пытанняў і задумы аб будучыні нашай Бацькаўшчыны.

Так рабіць нельга ў краіне, дзе ўсе прызнаюцца да нашых хрысціянскіх каранёў!

Будзь праслаўлены, Крыж Хрыста Збаўцы!

Абноўлена 04.04.2019 21:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.