Пошук

01.04.2019 10:10   Паводле: Ганна Таўрэль / Grodnensis.by

30 сакавіка ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле адбылося моладзевае чуванне ў межах перажывання Вялікага посту.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, малітоўная сустрэча распачалася св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў адказны за моладзь у беларускім епскапаце біскуп Юзаф Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіў увагу на тэме адпушчэння правін бліжняму і шчырасці перад Найвышэйшым.

«Перад Богам мы часта саромеемся стаць такімі, якія мы ёсць насамрэч, без удавання. Аднак няма ў нас таго, аб чым не ведаў бы Бог.

Таму мы не павінны баяцца Яго: Ён любіць нас з усімі заганамі і заўсёды чакае. Нябесны Айцец можа ўсё перамяніць, учыніць нанава.

Дастаткова толькі стаць перад Ім у праўдзе, адкрыць сэрца, аддаць не чужыя грахі, а свае», — падкрэсліў біскуп Юзаф.

Ён таксама запрасіў моладзь старацца быць прыкладам для іншых людзей у сваім асяроддзі, несці Яго святло і любоў у сем’і, месцы вучобы і працы.

«Галоўнае, каб вы абралі дарогу, якая вядзе да мэты, да Пана, — заклікаў іерарх хлопцаў і дзяўчат. — Гэты шлях прывядзе вас да сапраўднага шчасця».

Пасля заканчэння Эўхарыстыі парафіяльныя суполкі моладзі паказалі відэаролікі і сцэнкі на тэму граху: пра найбольш распаўсюджаныя чалавечыя слабасці і шляхі пазбаўлення ад іх.

У гэты вечар сабраныя памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, імкнучыся стаць перад Панам у сапраўдным абліччы.

На выхадных у святыні таксама праходзіла душпастырская ініцыятыва «Ноч канфесіяналаў».

На працягу некалькіх гадзін у тых, хто адчуваў неабходнасць ачышчэння праз споведзь, была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Як зазначыў біскуп Станеўскі, споведзь дапамагае не быць сканцэнтраваным выключна на сабе і цаніць таго, хто побач.

Больш фота ТУТ>>>

Абноўлена 01.04.2019 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа