Пошук

29.03.2019 11:31   Тэкст: кс. Андрэй Багдановіч, дк. Януш Чарнамораў / Фота: Уладзіслаў Козел, Віталій Міцкевіч / Catholic.by

З 26 па 28 сакавіка шматлікія міністранты Пінскай дыяцэзіі прымалі ўдзел у фармацыйнай сустрэчы. Адказным за яе правядзенне быў дыякан Януш Чарнамораў, якому ў адпаведных пунктах насычанай праграмы дапамагалі кс. Андрэй Багдановіч, кс. Юрый Пракапюк і семінарысты.

У цёплай братэрскай атмасферы міністранты мелі магчымасць удзельнічаць у тэарэтычных і практычных занятках, а таксама на некалькі дзён увайсці у рытм семінарыйнага жыцця. Гэты рытм быў напоўнены канферэнцыямі, працай у групах, дзе юнакі маглі падзяліцца ўласным перажываннем Эўхарыстыі, чаму асабліва спрыяла малітва Літургіі гадзінаў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту са спевам і супольнае перажыванне Ахвяры святой Імшы.

Добрым пачаткам сустрэчы стала сведчанне студэнтаў трэцяга курса семінарыі, якія распавялі пра шлях уласнага паклікання.

Адным з цікавых момантаў стала адкрытая лекцыя па гамілетыцы, якую правёў выкладчык семінарыі кс. Юрый Пракапюк для семінарыстаў і міністрантаў. Пры дапамозе харызматычнага пераказу і прэзентацыі, якую падрыхтаваў семінарыст Яўген Хаданёнак, юнакі маглі навучыцца, карыстаючыся спосабам Lectio divina, лепей чытаць Святое Пісанне, разважаць над ім і даследаваць яго.

Тэмы канферэнцый былі вельмі разнастайнымі. Ксёндз Андрэй Багдановіч звярнуў увагу на такія тэмы, як плённае перажыванне дня Пана, як правільна паводзіць сябе, сустракаючыся са спакусай, а таксама пра сімволіку і гісторыю Касцёла і Эўхарыстычнай Літургіі.

Дыякан Януш Чарнамораў засяродзіў увагу на асобе міністранта, які пакліканы быць сябрам Езуса Хрыста, а таксама развіваць у сабе такія рысы міністранта, як адказнасць, пабожнасць, мужнасць, веды, самаадрачэнне і любоў.

Вялікай дапамогай былі паслугі і шматлікія ініцыятывы семінарыстаў Уладзіслава Козела і Віталія Міцкевіча, якія ў вольны час стараліся быць побач і зрабіць гэтую сустрэчу больш плённай.

Арганізатары сустрэчы жадаюць, каб гэты досвед не застаўся толькі ў мінулым, а дапамог удзельнікам у тым, каб прыносіць плён свайго служэння ў родных парафіях.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця