Пошук

28.03.2019 11:08   Фота: unfpa.org / Тэкст: Фонд ААН у сферы народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь / Catholic.by

26 сакавіка ў Мінску прайшоў круглы стол па пытаннях аказання дапамогі пацярпелым ад хатняга насілля. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ.

Сустрэча для абмену вопытам у сферы практычных механізмаў аказання дапамогі пацярпелым ад хатняга насілля, а таксама ўзнаўлення дыялогу па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы была арганізавана пры падтрымцы Фонду ААН у сферы народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь.

Па дадзеных МУС, штогод у органы ўнутраных спраў паступае каля 120 тыс. зваротаў з прычыны выпадкаў насілля ў сям'і.

Так, у 2018 г. колькасць грамадзян, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за насілле ў сям'і, склала каля 50 тыс. Узбуджана 2586 крымінальных спраў. Ад рук блізкіх загінуў 91 чалавек.

У межах круглага стала быў абмеркаваны крытычны блок пытанняў, сярод якіх актуальнасць праблематыкі, прававыя асновы супрацьдзеяння хатняму насіллю, механізмы рэагавання на сітуацыю ў межах міжведамаснага ўзаемадзеяння, вопыт працы Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

На заканчэнне круглага стала ўдзельнікі прыйшлі да наступнага:

Прадстаўнікі і эксперты рэлігійных арганізацый адзінадушна пацвердзілі глыбокую заклапочанасць праблемай і дынамікай росту колькасці выпадкаў насілля, прадстаўленай МУС, і выказалі гатоўнасць да дыялогу як па тэарэтычных пытаннях, так і па практычных аспектах арганізацыі сумесных намаганняў у першую чаргу па прафілактыцы, а таксама па рэагаванні на выпадкі хатняга насілля.

Беларуская Праваслаўная Царква і Рыма-Каталіцкі Касцёл гатовыя прадставіць канструктыўныя, прапрацаваныя і абгрунтаваныя прапановы па паляпшэнні супрацоўніцтва ў сферы супрацьдзеяння хатняму насіллю.

У сваю чаргу прадстаўнікі дзяржаўных органаў адзначылі важнасць удзелу рэлігійных арганізацый у працы па папярэджанні хатняга насілля, выказалі гатоўнасць да абмеркавання такіх прапановаў і ініцыятываў, падкрэсліўшы неабходнасць прымянення прафесійнага падыходу і папярэдняга абмеркавання з зацікаўленымі бакамі.

Чакаецца, што Праваслаўная Царква і Рыма-Каталіцкі Касцёл прадставяць фармат такіх прапановаў і сумесная праца будзе працягнута.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця