Пошук

21.03.2019 13:52   Паводле: Grodnensis.by

З 18 па 20 сакавіка ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне, што пад Гроднам, адбыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Беларусі.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, на супольным слуханні Божага слова, малітве і разважанні над сваім жыццём і штодзённым служэннем сабраліся дырэктары і супрацоўнікі ўсіх дыяцэзіяльных дабрачынных арганізацый.

У гэтым годзе арганізатарам традыцыйнай велікапоснай малітоўнай сустрэчы стаў Caritas Гродзенскай дыяцэзіі на чале з дырэктарам кс. Раманам Рачко.

Рэкалекцыі праводзіў кс. Павел Урбан, віцэ-афіцыял касцёльнага суду ў Гродне.

Святар заклікаў прысутных заўсёды ставіць Хрыста ў цэнтр свайго штодзённага жыцця, каб іншыя маглі бачыць, што тыя жывуць дзеля Яго.

Рэкалекцыяніст нагадаў таксама пра важнасць усведамлення прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла і важнасць клопату пра сакрамэнтальнае жыццё. Ён адзначыў, што менавіта гэтыя рэчы напаўняюць жыццё кожнага чалавека Богам, які дае жыццё і падтрымлівае яго.

Па словах святара, місія служэння — галоўная задача кожнага чалавека, а асабліва працаўніка дабрачыннай арганізацыі.

«Наша служэнне павінна заўсёды ўказваць на Хрыста. Ён павінен быць цэнтрам нашага жыцця і служэння», — неаднаразова падкрэсліваў рэкалекцыяніст.

Святую Імшу на заканчэнне рэкалекцый узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ад імя Касцёла падзякаваў усім супрацоўнікам Caritas за іх служэнне на карысць патрабуючых у нашай краіне.

Іерарх падкрэсліў, што такая дапамога магчымая дзякуючы шматлікім ахвярадаўцам і людзям добрай волі, таму падчас гэтай Імшы асабліва маліліся за іх.

Дырэктар Нацыянальнага Caritas кс. Віталій Дабраловіч падзякаваў біскупу за дар супольнай малітвы, рэкалекцыяністу — за дзяленне Божым словам, а таксама падзякаваў усім, хто ў гэтыя дні ўтвараў клімат супольнасці і сям’ю людзей, якія клапоцяцца пра дабро бедных і патрабуючых падтрымкі ў Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа