Пошук

19.03.2019 09:09   Паводле: brewiarz.pl / Catholic.by

Св. Юзаф з Езусам / рускатолик.рф

19 сакавіка ў паўсюдным Касцёле адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа — Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Звестак пра св. Юзафа ў Евангеллі зусім няшмат. Евангелісты прысвяцілі яму 26 вершаў, а яго імя згадваецца 14 разоў — даволі скупая інфармацыя. Крыху больш пра святога Юзафа можна даведацца з апокрыфаў, аднак у іх утрымліваецца шмат легенд і пазнейшых паданняў, праўдзівасць якіх немагчыма праверыць.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што св. Юзаф паходзіў з роду біблейскага караля Давіда. Пра гэта сведчыць ягоны радавод, які падае св. евангеліст Мацвей.

Аднак генеалогія, пададзеная св. Лукою, істотна адрозніваецца ад Мацвеевай. Ужо ў старажытнасці выказваліся меркаванні, што Лука, які перадае шмат падрабязнасцяў з жыцця Панны Марыі, прывёў таксама і Яе радавод. Паводле закона левірату, у адпаведнасці з якім чалавек, які паміраў, не маючы сына, лічыўся бацькам сына свайго брата, св. Юзаф мог насамрэч быць сынам Якуба, а разам з тым лічыцца сынам ягонага брата Элія, які ў хрысціянскай традыцыі мае таксама імя Яўхім і які быў бацькам Найсвяцейшай Панны Марыі.

Многія сучасныя біблісты лічаць, што радавод, пададзены ў Евангеллі паводле св. Лукі, можа быць пералікам продкаў Марыі, а таксама продкаў Юзафа паводле закона левірату.

Св. Юзаф у майстэрні з Езусам і Марыяй / hram-troicy.prihod.ru

Нягледзячы на каралеўскае паходжанне, св. Юзаф быў чалавекам бедным і на жыццё зарабляў цяслярствам і сталярным рамяством.

Паводле св. Юстына, які жыў непасрэдна пасля апостальскіх часоў, Юзаф майстраваў драўляныя сохі, ярмы для валоў і іншыя сельскагаспадарчыя прылады.

Заручаны з Марыяй, Юзаф стаў перад абліччам таямніцы цудоўнага Зачацця. Ён не быў паводле цела бацькам Езуса, хоць лічыўся ім у адпаведнасці з юдэйскімі законамі як сужонак Марыі. Хоць Дзева нарадзіла Хрыста без удзелу мужчыны, аднак па законе і для супольнасці Юзаф быў бацькам Езуса. Менавіта так яго і называюць у Евангеллі. Таму для евангелістаў было так важна падкрэсліць, што Юзаф паходзіў з роду Давіда, як гэта прадказвалі прарокі.

Анёл з’яўляецца ў сне св. Юзафу / days.pravoslavie.ru

Калі Юзаф даведаўся, што Марыя чакае нараджэння Дзіцяці, ён, ведаючы, што не з’яўляецца Яго бацькам, вырашыў паціху знікнуць з Яе жыцця, каб не скампраметаваць і не зняславіць Яе. Аднак, даведаўшыся ад анёла пра таямніцу Дзявочага Зачацця, ён прыняў Марыю ў свой дом.

Падпарадкоўваючыся дэкрэту цэзара аб перапісе насельніцтва, ён скіраваўся разам са сваёй Абранніцай у Бэтлеем, дзе падчас гэтага падарожжа і нарадзіўся Езус. Пасля абрэзання Дзіцяці і ахвяравання Яго ў святыні Юзаф бярэ Марыю з Дзіцем і разам з імі ўцякае ў Егіпет ад пераследу Ірада. Пасля смерці жорсткага тырана яны вяртаюцца ў Назарэт.

Уцёкі ў Егіпет / days.pravoslavie.ru

Апошні раз св. Юзаф з’яўляецца на старонках Новага Запавету падчас пілігрымкі з дванаццацігадовым Езусам у Ерузалем. Падчас публічнага служэння Езуса мы не сустракаем аніводнага ўспаміну пра св. Юзафа. Гэта дае магчымасць здагадвацца, што ў той час ён ужо не жыў.

У такім выпадку св. Юзаф меў на зямлі самы цудоўны адыход у вечнасць, які толькі можна сабе ўявіць, паколькі ў гэты момант з імі былі сам Езус і Яго Найсвяцейшая Маці.

Магчыма, менавіта з гэтай прычыны св. Юзаф традыцыйна лічыцца апекуном добрай смерці.

Смерць св. Юзафа

Культ св. Юзафа, вядомы на хрысцяінскім Усходзе з IV ст., на Захад прыйшоў на чатыры стагоддзі пазней. Свята ў яго гонар пачало адзначацца 19 сакавіка з Х ст.

Найвышэйшага развіцця культ св. Юзафа дасягнуў у Каталіцкім Касцёле толькі ў ХХ ст.

Св. папа Ян ХХІІІ дадаў яго імя ў Першую Эўхарыстычную малітву — Рымскі канон, а таксама абвясціў святога абранніка Панны Марыі апекуном Другога Ватыканскага Сабору і ўсяго паўсюднага Касцёла. У адпаведнасці з рашэннем папы Бэнэдыкта XVI, якое было абвешчана ягоным наступнікам папам Францішкам, у 2013 г. імя св. Юзафа было дададзена ва ўсе Эўхарыстычныя малітвы.

Абноўлена 19.03.2019 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця