Пошук

18.03.2019 16:23   Тэкст і фота: с. Марыя Пія CR / Catholic.by

З 15 па 17 сакавіка ў кляштары сясцёр змёртвыхпаўстанак у Наваполацку адбыліся рэкалекцыі для моладзі. 10 маладых людзей пакінулі свае штодзённыя клопаты, каб апынуцца ў «Егіпце» і зразумець, што з’яўляецца іх няволяй, — у адпаведнасці з тэмай рэкалекцый.

Духоўныя практыкаванні пачаліся з адарацыі крыжа.

Гэта быў момант сустрэчы з асабістым духоўным «Егіптам»: момант усведамлення, што я знаходжуся ў няволі ўласных страхаў, залежнасцяў, а самае галоўнае — у няволі граху.

Гэта быў таксама час выбару, выпрабавання і перамогі; час Хрыста і кожнага ўдзельніка. На знак гатоўнасці сустрэцца з уласным «Егіптам — месцам няволі» кожны з прысутных мог забіць у дрэва крыжа цвік.

Удзельнікаў суправаджаў у гэтай вандроўцы Майсей, які на ўласным вопыце ведае, што «цёмныя ночы» з’яўляюцца момантам збаўлення, ведае, што калі сказаць Богу «так», то ўсё атрымаецца — галоўнае не згубіць Яго з вачэй і мець цярплівасць да сябе. Майсей дапамагаў маладым людзям зразумець, што кожны з’яўляецца выбраным і асаблівым для Бога і што Стварыцель змагаецца за нас.

Галоўным момантам рэкалекцый была Эўхарыстыя. Падмацаваныя Целам і Крывёю Хрыста, удзельнікі маглі вырушыць у невядомае, зрабіць першы крок пераходу ад цемры да святла.

Вырашальным часам адказу на пытанне: «Выйсці або застацца?» была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Падчас яе кожны вырашаў для сябе, хоча ён выйсці ці застацца ў «Егіпце — месцы няволі». У знак гатоўнасці пайсці ў невядомае можна было зрабіць сімвалічны крок насустрач Уваскросламу Пану і ў адказ на словы: «Я буду з табою» (пар. Зых 3, 12) разам з Майсеем і ўсім ізраэльскім народам заспяваць песню праслаўлення Пана за Яго вялікія рэчы.

Напэўна, рэкалекцыі працягнуцца ў штодзёным жыцці ўдзельнікаў, а таксама дадуць добрую магчымасць падчас Вялікага посту падрыхтавацца да асабістай сустрэчы з Уваскрослым Панам.

Абноўлена 18.03.2019 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця