Пошук

13.03.2019 15:46   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: slutsk24.by

12 сакавіка ў Нясвіжы адзначылі 110-ю гадавіну з дня нараджэння кс. прэлата Гжэгажа Каласоўскага, шматгадовага пробашча мясцовай парафіі Божага Цела.

Урачыстасці з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Удзельнікі святочных мерапрыемстваў ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магіле кс. прэлата Гжэгажа Каласоўскага і мітрафорнага протаіерэя а. Дзмітрыя Хмеля — нясвіжскага праваслаўнага святара, ветэрана вайны і шматгадовага сябра кс. Гжэгажа, а таксама памаліліся за іх.

Потым у нясвіжскім касцёле Божага Цела адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка.

«Ксёндз Гжэгаж застаўся тут, дзе чацвёртая частка духавенства, у тым ліку яго аднакурснікі, былі забітыя падчас вайны. А многія іншыя святары ў пасляваенны перыяд былі сасланыя на доўгія гады ў ГУЛАГ без абвінавачвання, толькі за тое, што былі каталіцкімі святарамі, — адзначыў у гаміліі біскуп Дзям’янка, гаворачы пра кс. прэлата Каласоўскага. — Ён застаўся, бо ведаў вартасць святарскай прысутнасці».

Іерарх узгадаў, што святар з гумарам расказваў пра такі выпадак:

«Аднойчы ноччу зімой пачуў моцны грукат у акно і мужчынскія галасы: “Ксёндз, уставай, мы хочам праверыць тваю веру”. У кс. Гжэгажа была дубальтоўка, хоць ніколі на паляванне пробашч не хадзіў.

“Пачакайце ж”, — падумаў святар і з іншага боку праз адчынены люфцік стрэліў уверх. Назаўтра раніцой былі ў накірунку акна пробашча відаць дробныя тры пары мужчынскіх слядоў і зваротныя ад акна тры пары такіх жа, але скокам на адлегласць трох метраў…»

«Ты, ксёндз Гжэгаж, быў добрым адміністратарам касцёльнай маёмасці і выкарыстаў належным чынам тыя дзесяць талентаў, аб якіх у прыпавесці гаварыў Езус. Ты быў руплівы ў выкананні абавязкаў, быў мудры ў прыняцці рашэнняў, быў дальназоркі ў планаванні не толькі душпастырскай, але і гаспадарчай дзейнасці. Паводле евангельскай прыпавесці пра ўзвядзенне будоўлі — ты найперш узважваў магчымасці перад кожнай акцыяй», — дадаў пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Іерарх нагадаў, што служэнне кс. Гжэгажа прыпала на касцёльныя рэформы Другога Ватыканскага Сабору. «Пераклад літургіі на нацыянальныя мовы, устаноўка паслясаборнага алтара — гэта ўсё праводзіў кс. Гжэгаж. Ён таксама клапаціўся аб пакліканнях да святарства, — адзначыў біскуп. — Наведваючы розныя мясцовасці і парафіі, ён бачыў вялікія спусташэнні, учыненыя атэістычай сістэмай.

Болем напаўнялася сэрца святара, калі ён бачыў касцёлы ў запусценні ў Снове, Падгорным, Гарадзеі, Свержані, Уздзе альбо зусім знішчаныя святыні ў Капылі, Клецку, Бабоўні, Стоўбцах…»

Па словах іерарха, кс. Гжэгажа ведалі ўсе ў Нясвіжы і ўсе віталіся з ім. «І ён ведаў нясвіжанаў, пры сустрэчы заўсёды першым вітаўся, схіляючы галаву. Ён быў чалавекам з добрым сэрцам і лагоднай усмешкай. Хоць, як вядома, жыццё яго было багатым на выпрабаванні», — дадаў біскуп. Іерарх нагадаў, што 2009 год, калі адзначалася 100-годдзе з часу нараджэння кс. прэлата, быў абвешчаны ў Нясвіжы Годам ксяндза Гжэгажа Каласоўскага.

«Аднойчы журналістка запыталася ў кс. Гжэгажа: “Як Вы навучыліся чытаць па-руску? Вы ж да вайны польскую гімназію скончылі”. “З газет. Газеты чытаў,” — растлумачыў святар. “А пісаць па-руску калі навучыліся?”

Святар адказаў, што пісаць па-руску навучыўся, калі трэба было пісаць скаргі ў гарвыканкам. Бо тады забралі плябанію, выселілі яго літаральна на вуліцу, і яму трэба было гараж для матацыкла адаптаваць сабе пад жыллё.

Пісаў тады, калі абклалі непамернымі падаткамі за некалькі прысадаў, за трафейны стары аўтамабіль, які купіў літаральна за капейкі ў вайскоўца, што вяртаўся з Берліна. Улады лічылі, што святар за ўсё павінен плаціць вялікі падатак — за невялікую пасеку, за пару садовых дрэўцаў і за аўтамабіль, бо, можа, ксёндз падпрацоўвае таксістам», — распавёў біскуп.

«Сёння, успамінаючы жыццё і служэнне гэтага руплівага нястомнага святара Нясвіжчыны і дзякуючы Пану Богу за яго, хочацца пажадаць, каб зерне Евангелля, якое пасеяў ксёндз Гжэгаж, прарасло і дало шчодры плён не толькі вернікам і парафіі, але і ўсім жыхарам Нясвіжа», — пажадаў іерарх.

Пасля Імшы сабраныя паглядзелі дакументальны фільм з апошнім інтэрв’ю кс. прэлата Гжэгажа Каласоўскага і прынялі ўдзел у вечары памяці святара.

Абноўлена 13.03.2019 22:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа