Пошук

11.03.2019 11:57   Тэкст: дк. Януш Чарнамораў / Фота: Уладзіслаў Міцкевіч / Catholic.by

10 сакавіка біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў з кананічнай візітацыяй парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Пелішча (Пінская дыяцэзія, Брэсцкі дэканат).

Вернікі парафіі на чале з пробашчам кс. Паўлам Ярашэвічам каля брамы касцёла віталі біскупа хлебам-соллю і шчырымі словамі. Перадаючы іерарху на час візітацыі ключы ад святыні, парафіяне выказалі словы, што сыходзілі з глыбіні сэрца: «Перадаем Вам ключы ад нашага касцёла, ключы, якія нікому і ніколі не ўдалося ад нас адабраць. Мы веру збераглі!»

Біскуп узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, падчас якой у гаміліі звярнуў увагу на вернасць Богу праз пераадоленне спакусаў і выпрабаванняў свету.

У прыклад ён прывёў мясцовую парафію, якая, нягледзячы на шматлікія спакусы і пагрозы атэістычнай сістэмы, засталася вернай свайму адзінаму Богу.

Напрыканцы святой Імшы іерарх падзякаваў вернікам за захаванне веры і перадачу яе наступнаму пакаленню. Таксама ён падзякаваў за духоўны плён жыцця парафіі, якім з’яўляецца навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску Віталій Міцкевіч, адзначыўшы, што ён — духоўнае дзіця парафіі, якое неабходна няспынна падтрымліваць малітоўна.

 

Іерарх звярнуўся да вернікаў з просьбай працягваць маліцца за пакліканых да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама аб новых і шматлікіх пакліканнях да Божай службы.

У план візітацыі ўваходзілі сустрэча з прадстаўнікамі парафіі, адведванне хворай парафіянкі, якой біскуп удзяліў святую Камунію, наведванне навакольных вёсак Багдзюкі і Падлессе, якія належаць да мясцовай парафіі. Біскуп маліўся і размаўляў з жыхарамі гэтых вёсак, а ў Падлессі ўзначаліў святую Імшу.

На заканчэнне візітацыі іерарх разам з вернікамі накіраваўся на парафіяльныя могілкі, дзе адбылася малітва за памерлых.

Пасля біскуп запаліў зніч і ўсклаў кветкі на магіле святара.

Абноўлена 11.03.2019 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.