Пошук

11.05.2018 10:51   Ілля Ваніслаўчык / Фота: Андрэй Півень / Catholic.by

6 мая студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску наведалі некаторыя парафіі г. Брэста і наваколля, каб падзякаваць вернікам за падтрымку і клопат пра будучых святароў.

Семінарысты не толькі прынялі ўдзел у нядзельных набажэнствах, але і падрыхтавалі для парафіянаў адмысловую евангелізацыйна-музычную праграму.

Асабліва шчымлівая сустрэча адбылася ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Пелішча (Камянецкі р-н). Вернікі старэйшага пакалення, сустракаючыся з семінарыстамі, са слязьмі на вачах дзякавалі Богу, што яны дачакаліся часоў, аб якіх яны і іх бацькі маліліся на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў ночы атэізму.

Парафіяне ўспаміналі тыя страшныя часы, калі семінарыя ў Пінску была зачынена, святары былі рэпрэсаваныя або расстраляныя, парафіі паўстагоддзя заставаліся асірацелымі. На фоне гэтай драматычнай мінуўшчыны вельмі радаваліся сэрцы ўсіх сабраных на набажэнстве і адмысловым канцэрце праслаўлення Пана.

Гледзячы на новае пакаленне семінарыстаў, парафіяне абяцалі і надалей горача маліцца аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння Богу і людзям, асабліва ў нашай краіне, а таксама падтрымліваць на абраным шляху тых, хто ўжо рыхтуецца да святарства.

Абноўлена 11.05.2018 11:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа