Пошук

08.03.2019 14:07   Тэкст: Біскуп Антоні Дзям'янка / Catholic.by

У Пастырскім лісце на Вялікі пост, скіраваным да вернікаў Пінскай дыяцэзіі, біскуп Антоні Дзям’янка асаблівую ўвагу звяртае на ролю сям’і ў адраджэнні і захаванні веры.

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ВЯЛІКІ ПОСТ
БІСКУПА ПІНСКАГА АНТОНІЯ ДЗЯМ’ЯНКІ
ДА ВЕРНІКАЎ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Уваходзячы ў перажыванне Вялікага посту, мы запрошаныя нанава адкрыць глыбіню нашай веры. У літургіі Велікоднай вігіліі, благаслаўляючы Пасхал, святар вымаўляе словы: «Хрыстус учора і сёння, пачатак і канец, альфа і амега». Гэтыя словы паказваюць нам Божага Сына як спрадвечную і жывую крыніцу Евангелля, якое ўсцяж з’яўляецца тым самым заклікам Жыцця ўчора, сёння і навекі. Яно — адвечная мудрасць — ніколі не старэе. Больш за тое, вернасць Евангеллю прыводзіць да таго, што сапраўднае хрысціянства застаецца вечна маладым, няспынна перажывае вясну.

Касцёл як жывая супольнасць Божага народа трывае ў вернасці Евангеллю, якое пабуджае яго да дзейнасці з дапамогай Духа Святога (гл. Другі Ватыканскі Сабор, канст. Lumen gentium, 1; KKK 775). Хрыстовы Касцёл, да якога мы прыналежым, з’яўляецца больш харызмай і сведчаннем, чым інстытутам, які нагадваў бы свецкую супольнасць.

Касцёл нястомна абвяшчае Евангелле, што вядзе нас да адкрыцця Валадарства Пана, якое паходзіць не з гэтага свету.

Адначасова Божае слова нагадвае, што гэты свет паходзіць ад Бога і мы пакліканы яго асвячаць. Асабліва перыяд Вялікага посту пабуджае нас да таго, каб мы аднавілі ў сабе радасць і заданні, якія вынікаюць з нашай прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла ў тым часе і месцы, у якім мы жывем.

Вечная маладосць Касцёла павінна пераносіцца на жыццё кожнага з нас, бо нездарма праз прыняцце сакрамэнту хросту мы сталіся членамі супольнасці, якая з’яўляецца Містычным Целам Хрыста (гл. Рым 6, 4–5; 1 Kар 12, 13; Kлс 1, 18; Другі Ватыканскі Сабор, канст. Lumen gentium, 7). Таму штодзённы кантакт з Евангеллем, разважанне над ім і ўвасабленне ў жыцці становяцца крыніцай таксама нашай духоўнай маладосці. Жыць паводле яго — гэта пытацца ў кожным сумненні: што на маім месцы зрабіў бы Езус?

Жыць паводле Евангелля азначае не толькі пазнаць Хрыста, а праз Яго і Айца, але таксама паставіць Езуса ў цэнтры свайго жыцця, учыніць Яго Настаўнікам і Панам сваёй штодзённасці, адчуць Яго любоў, Яго позірк, Яго дотык. Як казаў св. Ян Павел ІІ, не будзем жа баяцца адкрыць для Яго насцеж дзверы нашага жыцця.

Усцяж жывая і маладая вера Касцёла мае канкрэтнае пацвярджэнне ў нашыя часы.

Гэта пантыфікат і асоба папы Францішка. «Бог малады!» — гэта яго словы, што сталі загалоўкам вядомага інтэрв’ю з Тамазо Леанчыні. Гэтыя словы некаторых могуць шакаваць, але яны пацвярджаюць глыбокую праўду, што вынікае з духу Евангелля. Усё навучанне Пантыфіка запрашае нас да адносінаў «Бог і я»: Яго Любоў і мой адказ на яе. Папа жадае, каб Касцёл не пераставаў нагадваць людзям пра гэтыя адносіны. Святы Айцец прагне, каб Касцёл не пераставаў быць сродкам і не ператвараўся ў самамэту. Бо мэта — гэта перажыванне міласэрнага дотыку Бога і з’яднанне з Ім праз досвед супольнасці Касцёла. Менавіта ў гэтым навізна і вясна сучаснага пантыфікату. Таму няхай папа Францішак і яго сёлетні велікапосны заклік стане для нас правадыром на шляху перамены нашага жыцця.

Мае дарагія! Хачу паказаць вам асаблівы спосаб дотыку Бога да чалавека. Гэта сям’я. Добрая, веруючая і любячая сям’я. Менавіта такую сям’ю Другі Ватыканскі Сабор назваў «хатнім Касцёлам». Бо дзе, калі не ў сям’і, дзіця спазнае бацькоўскую любоў і будзе мець сапраўднае пачуццё бяспекі? Што можа лепш за ўсмешку любячай маці суняць боль, забяспечыць разуменне і прыняцце? Што лепш за любячага бацьку забяспечыць жыццядзейнасць сям’і? Ці гэта не прыклад Святой Сям’і з Назарэта?

Таму Вялікі пост няхай станецца часам для сям’і. Няхай будзе перыядам, калі нашыя сем’і, узіраючыся ў Ахвяру Збавіцеля, зачэрпнуць з яе новыя сілы для перажывання штодзённасці ва ўзаемнай любові і ахвярнасці.

Вялікі пост, праведзены з сям’ёй, няхай будзе асаблівым вопытам прабывання ў супольнасці з Касцёлам. Бо калі сям’я — гэта «хатні Касцёл», то парафія — гэта сям’я сем’яў. Таму сям’ёй з’яўляецца таксама і дыяцэзія, як і супольнасць парафій. Пантыфікі асабліва ў апошнія часы імкнуцца перанесці вопыт прабывання ў сям’і на перажыванне прабывання ў супольнасці паўсюднага Касцёла.

Дарагія! Вы бачыце, наколькі важна мець досвед жыцця ў сям’і. Як важна, каб чалавек у сям’і адкрываў, што Бог — гэта Любоў, каб у сям’і вучыўся маралі, якая вынікае з веры і пазнання сумлення як голасу Пана. Таму неабходна бараніць сям’ю ў яе сапраўдным, натуральным, Божым разуменні. Мы жывем у такі век, калі нас, людзей, часам трэба абараняць ад нас саміх, бо ўсе сучасныя пагрозы сям’і з’яўляюцца наступствам пошуку чалавекам лягчэйшага шляху, кампрамісу са слабасцю і грахом. Таму сям’я становіцца для нас дарам і заданнем. Прымем жа гэты дар з удзячнасцю, усведамляючы адказнасць за перадачу яго ў непарушнай форме і змесце, закладзенымі Богам.

На пачатку Вялікага посту паставім яшчэ раз пытанне: што рабіць, каб гэты перыяд пакаяння і навяртання стаў для кожнага з нас чымсьці асаблівым, адкрыццём чагосьці новага? Хачу запрасіць перажыць гэты час у супольнасці сям’і. Менавіта разам з усёй сям’ёй пастарацца прыняць удзел у велікапосных рэкалекцыях, увайсці ў глыбейшае перажыванне велікапосных набажэнстваў, асабліва Крыжовага шляху і Песняў жальбы, а таксама разам збірацца на малітвы і чытанне Божага слова. Усё гэта дакладна паспрыяе аднаўленню і перамяненню нас і нашых узаемаадносін да лепшага.

Няхай гэты перыяд Вялікага посту ў нашых сем’ях, а асабліва ва ўсёй дыяцэзіяльнай сям’і, станецца часам руплівай малітвы аб пакліканнях да святарства і манаства з нашых парафій.

Больш за палову парафіяльных супольнасцяў у Пінскай дыяцэзіі з’яўляюцца «сіротамі» — не маюць на месцы пастаяннага душпастыра.

Таму заахвочваю ахвяраваць пост, малітвы, учынкі міласэрнасці, горача просячы Пана аб новых, святых і шматлікіх святарскіх пакліканнях. Няхай муры нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску напоўняцца тымі, хто з адвагай пойдзе за голасам паклікання, каб служыць Богу і людзям у нашых парафіяльных супольнасцях.

Умілаваныя! Пастараемся перажываць Вялікі пост, адкрываючы няспынна навізну сустрэчы з Хрыстом і Яго Евангеллем у нашым жыцці, перажываючы гэта разам са сваімі сем’ямі дома, у парафіі, дыяцэзіі і ўсёй сям’і святога і паўсюднага Касцёла.

На гэты час ласкі і яго плады з сэрца благаслаўляю, абяцаючы малітву і просячы аб ёй.

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, 6 сакавіка 2019

P.S. Святарам належыць абвясціць гэты ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў Першую або Другую нядзелю Вялікага посту і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Вялікага посту.

Версія для друку ТУТ>>>

 

Абноўлена 08.03.2019 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця