Пошук

14.02.2019 16:53   Паводле: mohylev-katolik.by / Фота: Кс. Юзаф Сярпейка

13 лютага адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага пастырскага рэгіёну. Святары і законнікі Магілёўшчыны сабраліся ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках (Магілёўскі дэканат).

Сустрэча распачалася сумеснай малітвай Літургіі Гадзінаў і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, паведамляе інтэрнэт-старонка Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне mohylev-katolik.by.

Потым з канферэнцыяй да прысутных звярнуўся кс. Юзаф Сярпейка, душпастыр бялыніцкай парафіі і вікарый парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Ён засяродзіў увагу на Сусветных днях моладзі ў Панаме, у якіх святар таксама браў удзел у складзе дэлегацыі з Беларусі.

«Папа Францішак у сваіх прамовах паказаў, як належыць перажываць такія дні. Найперш як сустрэчу, якая вынікае з пераканання ў тым, што нас палюбілі шчырай любоўю», — адзначыў святар.

Кс. Юзаф Сярпейка нагадаў, што важнай у навучанні Папы ў гэтыя дні была тэма адзінства, якое бярэ крыніцу з сапраўднай любові, што не зносіць лагічных адрозненняў, а гарманічна злучае іх.

Акрамя гэтага, дадаў святар, «вельмі вялікую ўвагу Папа прысвяціў патрэбе слухання моладзі, якая праяўляецца ўжо раней, у адгартацыі „Радасць Евангелля“».

Святую Імшу, у якой удзельнічалі таксама некаторыя парафіяне горацкай парафіі, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Гамілію прамовіў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які звярнуў увагу, што кожнаму хрысціяніну, у тым ліку і духавенству, нельга ніколі забывацца пра тое, кім мы створаныя і кім адкупленыя.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі перадаў прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама заахвоціў да належнага перажывання Вялікага посту ў парафіях дэканатаў.

Былі абмеркаваны пытанні, якія датычацца належнага функцыянавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Наступная пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны плануецца 18 красавіка ў Вялікі чацвер а 11-й гадзіне ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве падчас св. Імшы Хрызма.

Абноўлена 14.02.2019 16:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця