Пошук

14.02.2019 09:48   Catholic.by
Святыя Кірыл і Мятод. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу (пач. ХІІІ ст.). encyclopediaofukraine.com

14 лютага 869 г. у Рыме адышоў да Пана св. Кірыл (пры нараджэнні меў імя Канстанцін) — адзін з Салунскіх братоў, апосталаў і асветнікаў славянаў. Прапануем вашай увазе ўрывак з «Жыцця Канстанціна», напісанага на славянскай мове.

Павяліч Касцёл свой і з’яднай усіх

Канстанцін Кірыл, змучаны многімі працамі, захварэў і, пакутуючы ад хваробы шмат дзён, убачыў пэўнае бачанне Божае і пачаў так спяваць: «Узрадаваўся дух мой і сэрца, калі мне сказалі: Пойдзем у святыню Пана» (пар. Пс 122 [121], 1).

Пасля ён апрануўся ў манаскае адзенне і заставаўся так цэлы гэты дзень, радасна кажучы:

«З гэтага часу я слуга не гаспадара ці нейкага чалавека на зямлі, а толькі ўсемагутнага Бога. Мяне не было — і я стаў існаваць, і буду існаваць навекі. Амэн». У наступны дзень пасля таго, як апрануў манаскае адзенне, дадаў святло да Святла і ўзяў сабе імя Кірыл. У гэтым адзенні прабыў сорак дзён.

Калі настала гадзіна прыняць спакой і адысці да вечнага жыцця, узняў рукі і маліўся да Бога, кажучы са слязьмі:

«Пане, мой Божа, Ты стварыў усе анёльскія войскі і духоўныя сілы, распасцёр неба і ўмацаваў зямлю, а ўсё, што існуе, з небыцця прывёў да існавання.

Ты заўсёды чуеш тых, хто выконвае Тваю волю, шануе Цябе і захоўвае Твае запаведзі, выслухай маю малітву і захавай у веры Твой статак, на чале якога Ты паставіў мяне, Твайго нявартага і нягоднага слугу.

Вызвалі іх ад бязбожнай і язычніцкай зласлівасці тых, хто блюзнерыць на Цябе, павяліч Касцёл свой і з’яднай усіх. Учыні іх сваім выбраным народам, згодным у праўдзівай і слушнай веры Тваёй, і ўдыхні ў іхнія сэрцы словы свайго вучэння. Бо дзякуючы Твайму дару мы можам абвяшчаць Евангелле Хрыста, заахвочваць да добрых справаў іншых і рабіць самім тое, што падабаецца Табе.

Тых, каго Ты мне даў, вяртаю Табе як Тваіх; кіруй імі сваёй моцнаю правіцай і атуляй іх сваімі крыламі, каб усе славілі і хвалілі Тваё імя — Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн».

Пацалаваўшы ўсіх святым пацалункам, сказаў: «Благаслаўлёны Бог, які не аддаў нас на здабычу нябачных ворагаў нашых, але вырваў з іхняй сеткі і вызваліў ад згубы». І так на сорак другім годзе ад нараджэння ён спачыў у Пану.

Тады Папа загадаў, каб усе грэкі, якія былі ў Рыме, і рымляне сабраліся на пахаванне, несучы свечкі і спяваючы песні, і ўчынілі Канстанціну пахаванне, быццам самому Папу.

І так было зроблена.

Св. Ян Павел ІІ моліцца на магіле св. Кірыла ў старажытнай базыліцы св. Клімэнта ў Рыме. Фота basilicasanclemente.com

(Cap.18: Denkschriften der kaiserl. Akademie der Wissenschaften, 19, Wien 1970, p. 246)

© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 15.02.2019 21:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа