Пошук

11.02.2019 13:38   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Уладзімір Ліхадзедаў. Фота Віктара Ведзеня
Уладзімір Ліхадзедаў. Фота Віктара Ведзеня

З 6 па 10 лютага ў Мінску праходзіла 26-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш, на якой можна было ўбачыць унікальныя выявы беларускіх хрысціянскіх святыняў ХІХ – пачатку ХХ ст.

Да 15-годдзя праекта гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» была прадстаўлена экспазіцыя «Малая Радзіма. Мясціны любыя сэрцу». Выстаўленыя на ёй экспанаты — малая частка з прыватнай калекцыі гісторыка. На выявах — беларускія краявіды, святыні, жыццё людзей ХІХ – пачатку ХХ ст.

Асобны стэнд быў прысвечаны працам беларускага і польскага фатографа Яна Булгака са шматлікімі фотаздымкамі родных краявідаў. Тут жа можна было ўбачыць фота гісторыка Атона Гедэрмана, нямецкага фатографа Фрыца Краўскопфа, які падчас Першай Сусветнай вайны зрабіў каля сотні фотаздымкаў Полацка, Камаяў, Міхалішак, Шэметава, Лынтупаў, у тым ліку касцёлаў і цэркваў.

На кніжнай выставе была прадстаўлена і экспазіцыя, прысвечаная Адаму Міцкевічу і мясцінам, звязаным з жыццём паэта.

Наведвальнікі маглі ўбачыць калекцыю друкавальнай тэхнікі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, рэканструяваны варштат XVI стагоддзя, на якім калекцыянерам Ліхадзедавым было выраблена 12 экзэмпляраў Бібліі.

Кожны жадаючы мог асабіста пагартаць «Малую падорожную кніжыцу» Францішка Скарыны, датаваную 1552 годам, а дакладней, яе лічбавае ўзнаўленне.

Усе гэтыя ўнікальныя экспанаты пасля заканчэння выставы-кірмашу будуць перададзены Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сярод іх каралеўскі Прывілей 1617 года з калекцыі графаў Тышкевічаў на беларускай мове, «Полацкія граматы», шлюбныя вобшукі 1841–1844 гг., старажытныя кнігі і газеты.

Свае першыя паштоўкі і фотаздымкі Уладзімір Ліхадзедаў пачаў збіраць яшчэ ў дзесяцігадовым узросце. Цяпер ён з’яўляецца аўтарам больш за 20 кніг, браў удзел амаль у сотні выставаў, у тым ліку і міжнародных. Дзякуючы яму былі адноўлены два помнікі культуры.

«Я хацёў паказаць Беларусь як шматканфесійную краіну, прадставіўшы розныя рэлігійныя збудаванні: выявы каталіцкіх касцёлаў, праваслаўных цэркваў, пратэстанцкіх малітоўных дамоў, сінагогі, мячэці. Гэтым я хацеў сказаць, што ў нас ёсць свая гісторыя, якую ілюструюць сабраныя артэфакты. Гэта самая буйная калекцыя, прысвечаная Беларусі. Лічу, што яна павінна застацца ў Беларусі», — выказаўся аўтар праекту.

 

Абноўлена 12.02.2019 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.