Пошук


8 лютага ў Мінску прайшоў круглы стол на тэму «Роля кнігі ў фармаванні культуралагічнага і духоўна-маральнага развіцця грамадства», у якім узяў удзел біскуп Юрый Касабуцкі.

Крулы стол, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у межах 26-й мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, праводзіўся ў Белай зале праваслаўнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Мерапрыемства з удзелам Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Старшыні Рады па сродках масавай камунікацыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Юрыя Касабуцкага, прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, выдаўцоў і моладзі правёў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

У якасці мэты круглага стала ён вызначыў пошук адказаў на пытанне, ці патрэбная сёння кніга і, у прыватнасці, духоўная кніга, а таксама акрэсленне глабальнай стратэгіі папулярызаці кнігі ў фармаванні культуралагічнага і духоўна-маральнага развіцця грамадства.

Пры гэтым высокі дзяржаўны чыноўнік звярнуў увагу на тое, што сучасны перыяд з’яўляецца часам сур’ёзнага выпрабавання для кнігі і што дзяржава павінна звярнуць на гэта ўвагу.

Мітрапаліт Павел у сваім уступным слове адзначыў, што, нягледзячы на інтэрнэт і іншыя сучасныя сродкі камунікацыі, кніга ўсё адно застаецца ў нашым жыцці і працягвае выконваць сваю ролю.

«Вельмі б хацелася, каб яна засталася ў нашым жыцці назаўсёды, бо кніга, у адрозненне, напрыклад, ад тэлебачання, кожнаму чалавеку дае магчымасць творча разважаць над тым, што ён чытае, над сэнсам свайго жыцця, над сваім месцам у гэтым свеце, над тым, што адбываецца вакол нас і ў нас саміх», — сцвердзіў Патрыяршы Экзарх.

Праваслаўны іерарх падзяліўся сваёй радасцю ад таго, што сёння прадстаўлена нямала выданняў праваслаўнай і каталіцкай рэлігійнай літаратуры, а таксама кніг свецкіх аўтараў, якія дапамагаюць моладзі даведацца пра гісторыю, паразважаць над сучаснасцю і задумацца пра будучыню. Мітрапаліт Павел адзначыў, што такая падзея, як круглы стол, прысвечаны кнізе, з’яўляецца важнай падзеяй не толькі для горада Мінска, але мае «агульнадзяржаўнае значэнне, а, магчыма, нават большае».

«Кніга адыгрывае вялікую і важную ролю ў жыцці кожнага чалавека. Яна можа як фармаваць, так і аказваць дэструктыўны ўплыў», — адзначыў на пачатку сваёй кароткай прамовы біскуп Юрый Касабуцкі. Прадстаўнік каталіцкага епіскапату паведаміў, што Касцёл надае вялікую ўвагу выдавецкай дзейнасці. Пры гэтым ён звярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на тое, што сёння кнігадрукаванне ператвараецца ў пэўную «бізнес-машыну» і што кнігі, якія спрыяюць фармаванню чалавека на здаровых маральных каштоўнасцях, часта застаюцца незаўважанымі.

На думку іерарха, для таго, каб зрабіць добрыя кнігі больш даступнымі і даць людзям магчымасць выбару, неабходна падтрымка дзяржавы і іх адпаведная папулярызацыя. Рэклама добрай кнігі, паводле біскупа Касабуцкага, павінна дапамагчы людзям навучыцца выбіраць у моры сучаснай друкаванай прадукцыі рэчы сапраўды вартасныя, якія спрыяюць гарманічнаму фармаванню асобы. Сваю ролю ў гэтым павінна адыграць таксама школа, прывіваючы вучням здольнасць крытычнага мыслення і добры літаратурны густ.

«Мы стараемся выдаваць розную літаратуру, розныя кнігі і імкнемся зрабіць іх даступнымі.

Хоць гэта не заўсёды бывае лёгка, аднак нельга сказаць, што такія кнігі не карыстаюцца попытам. <…> Мы бачым, што людзі зацікаўлены, што яны набываюць духоўную кнігу, прычым не толькі католікі», — падзяліўся досведам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пра перспектывы кнігавыдавецкай дзейнасці Касцёла мы запыталіся ў аднаго з удзельнікаў круглага стала Алега Глекава, рэдактара выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo», якое прадставіла сваю прадукцыю на спецыяльным стэндзе, побач з кнігамі праваслаўных выдаўцоў.

«З-за фінансавых цяжкасцяў наша выдавецтва не можа сёння шырока рэкламаваць сваю прадукцыю. Нават удзел у кніжнай выставе-кірмашы становіцца для нас нерэнтабельным. Аднак мы арыентаваныя перадусім на адрасную аўдыторыю чытачоў — вернікаў, якія маюць магчымасць набываць нашыя кнігі ў касцёлах. Там яны сапраўды запатрабаваныя, і мы маем надзею, што, нягледзячы на выпрабаванні, якія сёння перажывае кніга, яна, як і ў ранейшыя часы, будзе дапамагаць людзям набліжацца да Бога», — падзяліўся сваімі думкамі каталіцкі выдавец.

Удзельнікі круглага стала і шматлікія прысутныя на ім прадстаўнікі СМІ з цікаўнасцю знаёміліся з выдавецкімі дасягненнямі Праваслаўнай царквы і Каталіцкага Касцёла.

Стэнд выдавецтва «Pro Christo» біскуп Юрый Касабуцкі напачатку гасцінна паказаў Мітрапаліту Паўлу, расказаўшы праваслаўнаму іерарху пра асноўныя выданні Касцёла ў Беларусі за апошнія гады.

     

У межах круглага стала выступілі шматлікія прамоўцы, а таксама адбыліся прэзентацыі шэрагу цікавых тэматычных выданняў. Наогул мерапрыемства паказала, што і ў ХХІ ст. кніга застаецца надзейным і верным сябрам чалавека і што яна па-ранейшаму разам з іншымі сродкамі сучасанай камунікацыі паклікана спрыяць фармаванню культуралагічнага і духоўна-маральнага развіцця грамадства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа