Пошук

01.02.2019 09:54   Catholic.by

31 студзеня, у дзень успаміну св. Яна Боско, рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB абвясціў аб пачатку падрыхтоўкі да 100-годдзя салезіянскай прысутнасці ў нашай краіне.

У спецыяльным лісце інспектарыяльны дэлегат звярнуўся да ўсіх асобаў, звязаных з салезіянскай харызмай, а таксама да моладзі, якая з’яўляецца першым і галоўным адрасатам іх місіі.

«Дзякуючы першаму сабрату салезіяніну кс. Людвігу Гастыле, які ў 1921 годзе прыбыў на землі нашай Бацькаўшчыны, каб сеяць тут зерне салезіянскай харызмы, усё сучаснае пакаленне духоўных сыноў і дачок ксяндза Боско мае ўнікальную і адзіную ў нашым жыцці магчымасць у 2021 годзе адзначыць юбілей 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі і ўсвядоміць тым самым момант пачатку фарміравання салезіянскай ідэнтычнасці на нашай Бацькаўшчыне», — піша настаяцель.

«Адданая і ахвярная праца сабратоў салезіянаў, іх крыжовы і мучаніцкі шлях у ваенныя гады, а таксама ў час ганенняў і пераследу падчас савецкага таталітарнага рэжыму і, нарэшце, адраджэнне салезіянскай харызмы ў нашай краіне адлюстроўваюць гэты доўгі і цярністы шлях яе развіцця. Але ж гэта — наш скарб, наша спадчына, тая жывая памяць, якая фарміруе нашу сучасную салезіянскую ідэнтычнасць.

Мы шчыра жадаем добра ведаць і разумець нашу гісторыю дзеля таго, каб мець магчымасць даць дастойны і аргументаваны адказ на выклікі сучаснага свету ў пытаннях выхавання і збаўлення дзяцей і моладзі.

Менавіта ад іх памкненняў і сілы веры залежыць будучыня нашага Касцёла і салезіянскай Кангрэгацыі», — упэўнены кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

Сёння салезіянскія структуры ў Беларусі дзейнічаюць у межах Інспектарыяльнай дэлегатуры св. Францішка Сальскага, якая існуе толькі шосты год, аднак, як адзначае інспектарыяльны дэлегат, яна знаходзіцца на той тэрыторыі, дзе салезіянская харызма дзякуючы ахвярнай і адданай службе сабратоў салезіянаў была ўвесь час жывая і надзвычай дзейсная на працягу апошніх 100 гадоў.

«На землях Беларусі змянялася ўлада, палітычныя погляды, гаспадары, аднак праз стагоддзе нязменнай і жывой была прысутнасць асобы кс. Боско ў сваіх сынах — салезіянах», — сцвярджае салезіянскі настаяцель.

Узгадаўшы прыклад адданага служэння папярэднікаў, часам ажно да мучаніцтва, інспектарыяльны дэлегат падкрэсліў, што салезіянская сям’я сучаснай Беларусі з удзячнасцю ў сэрцах і моцнай надзеяй працягвае пісаць ужо сучасную гісторыю і далей будаваць прыгожую святыню салезіянскай харызмы на моцным і надзейным 100-гадовым фундаменце, маючы перад вачыма духоўны тэстамэнт св. Яна Боско — збаўленне моладзі, асабліва пакінутай.

Паколькі юбілей 100-годдзя прысутнасці салезіянаў у Беларусі з’яўляецца знакавай падзеяй для ўсіх духоўных сыноў і дачок св. Яна Боско, таму да яго неабходна сумленна і дастойна падрыхтавацца, лічыць ксёндз дэлегат.

Падрыхтоўка да юбілею будзе праходзіць на працягу трох гадоў — з 31 студзеня 2019 года да святкавання галоўнай юбілейнай урачыстасці ўвосень 2021 — і складацца з трох этапаў.

Першы год духоўнай падрыхтоўкі прысвечаны разважанню пра пачатак салезіянскай прысутнасці на Беларусі (1921–1939 гг.) і праходзіць пад дэвізам «Звярнуць позірк да вытокаў».

Другі год будзе прысвечаны драматычным падзеям перыяду Другой сусветнай вайны (1939–1945 гг.) і пройдзе пад дэвізам «Кроў мучанікаў — нашае ўзмацненне».

На трэці год падрыхтоўкі прадугледжана разважанне пра шлях салезіянскай сям’і ў нашай краіне падчас панавання бязбожнага савецкага рэжыму, а таксама на сучасным этапе незалежнай Беларусі (1945–2018). Гэты апошні год духоўнай падрыхтоўкі пройдзе пад дэвізам «Быць сведкамі крыжа і надзеі».

«Юбілейны 2021 год мы будзем перажываць усёй Салезіянскай сям’ёй, святкуючы шматлікія супольныя святы і ўрачыстасці як духоўнага, так і адукацыйнага характару», — піша настаяцель беларускіх салезіянаў.

Поўны тэкст ліста Інспектарыяльнага дэлегата кс. Віктара Гайдукевіча SDB ТУТ>>>

Абноўлена 01.02.2019 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа