Пошук

31.01.2019 11:30   Тэкст і фота: кс. Артур Малафей / Catholic.by

З 28 студзеня па 2 лютага ў Варшаве (Польшча) праходзіць XXVIII Міжнародны турнір па футболе сярод дзяцей і моладзі ва ўзроставых групах з 2002 па 2009 гады нараджэння, у якім бяруць удзел каманды з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Арганізатарам спаборніцтваў з’яўляецца Каталіцкае спартовае таварыства Рэспублікі Польшча ў асобе кс. Міраслава Мікульскага і кс. Славаміра Кельчыка.

Беларусь на турніры прадставілі дзве каманды з Гродна. Гэта юнакі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) і з іншых парафій горада 2002 і 2004 гадоў нараджэння.

Ініцыятарам удзелу гродзенскіх зборных камандаў у спаборніцтве з’яўляецца кс. Артур Малафей, душпастыр па справах спорту і фізічнага выхавання Гродзенскай дыяцэзіі. Святар выступіў у якасці апекуна групы, а дапамогу ў выездзе аказаў трэнер-апякун Аляксандр Гусар з футбольнага клубу «Слонім». Польскія сем’і з вялікім задавальненнем і з адкрытымі сэрцамі прымалі юных гродзенцаў на начлегі ў свае дамы.

        

Галоўная мэта турніру — не высокія спартовыя паказчыкі, а выхаванне дзяцей і моладзі праз спорт, інтэграцыя ў сваёй парафіі, уменне правільна сябе паводзіць, павышэнне ўзроўню агульнай культуры, уменне планаваць вольны час у штодзённым жыцці.

Свой дзень юныя гродзенскія футбалісты распачыналі св. Імшой, пасля чаго выходзілі на поле. Агульная малітва перад пачаткам гульняў і на іх завяршэнне дапамагла ўсім прысутным прасякнуцца духам любові да Пана Бога і да бліжняга.

Прадстаўнікі Беларусі на турніры ў Варшаве сталі пераможцамі ў сваіх узроставых катэгорыях.

Каманда юнакоў з Гродна 2002 года нараджэння заняла на турніры першае месца, выйграўшы дзесяць матчаў, а каманда 2004 года нараджэння таксама стала лідарам, выйграўшы ўсе пяць матчаў у сваёй групе.

     

Лепшым бамбардзірам турніру ў сваёй узроставай катэгорыі (2002 г.н.) стаў Мікіта Заяц, які забіў дзевяць галоў у браму супернікаў, а ва ўзроставай катэгорыі 2004 г.н. — Кірыл Тарасюк, які забіў 19 (!) галоў.

Пераможцы і прызёры турніру, як і ўсе ўдзельнікі наогул, былі ўзнагароджаныя кубкамі і памятнымі прызамі ад арганізатараў. На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічалі біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Рамуальд Камінскі, а таксама кіраўніцтва Варшаўскай мітрапалітальнай духоўнай семінарыі.

Юныя гродзенскія футбалісты і іх апекуны выказваюць асаблівую падзяку сем’ям з парафіі св. Патрыка ў Варшаве, якія гасцінна прымалі іх на начлег.

Абноўлена 31.01.2019 18:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.