Пошук

31.01.2019 10:54   Тэкст і фота: Арцём Кір’янаў / Catholic.by

28 студзеня Вышэйшай духоўная семінарыя ў Пінску адзначыла свята свайго нябеснага заступніка святога Тамаша Аквінскага.

Урачыстасць сабрала семінарыстаў, фарматараў, выкладчыкаў і свецкіх працаўнікоў духоўнай установы. Асаблівымі гасцямі свята сталі прадстаўнікі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам МІС.

Да вайны ў Пінскай семінарыі вучыліся будучыя святары абодвух абрадаў.

Падчас св. Імшы ў гонар святога Тамаша з гаміліяй да сабраных звярнуўся духоўны айцец семінарыі а. Аркадзь Куляха OCD. Святар засяродзіў увагу семінарыстаў на гераічнасці цнотаў Аквіната, які асабліва адзначаўся тым, што сумяшчаў у сваім жыцці святарскую пакорлівасць веры, інтэлектуальную тэалагічную геніяльнасць у пазнанні Божых таямніцаў і сціпласць манаскага жыцця.

Архімадрыт Ян Сяргей Гаек МІС, віншуючы Пінскую семінарыю з патранальным святам, заўважыў, што для гісторыі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы і для справы яднання паміж хрысціянамі Пінская семінарыя мае асаблівае значэнне.

Апостальскі візітатар адзначыў, што пра гэта мы ўзгадваем асабліва сёлета, у 1150-ю гадавіну смерці святога Кірыла, які разам са св. Мятодам з благаслаўлення папы Адрыяна ІІ сталі апосталамі хрысціянізацыі славянскіх народаў. Роля святых Кірыла і Мятода ў справе паяднання паміж усходняй і заходняй хрысціянскімі традыцыямі набыла новае асэнсаванне ў пачатку ХХ ст. і знайшла выраз у Велеградскіх экуменічных канферэнцыях (Чэхія).

Экуменічны рух і звязаная з ім тэалагічная рэфлексія мелі асаблівага прыхільніка ў асобе заснавальніка Пінскай семінарыі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Менавіта ён у Пінскай духоўнай семінарыі пачаў ладзіць унікальныя для Усходняй Еўропы адмысловыя навуковыя і пастырскія канферэнцыі, прысвечаныя тэме паяднання паміж хрысціянамі Усходу і Захаду. Гэтыя канферэнцыі і выніковыя публікацыі Пінскай семінарыі сталі прадвеснем экуменічнага вучэння Другога Ватыканскага Сабору.

На заканчэнне ўрачыстасці рэктар Пінскай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка падзякаваў усім духоўным і свецкім асобам, якія рупяцца пра падрыхтоўку новага пакалення святароў, і заклікаў да малітвы аб новых пакліканнях да Божай службы праз заступніцтва святога Тамаша Аквінскага.

Абноўлена 31.01.2019 18:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа