Пошук

28.01.2019 15:35   Catholic.by

27 студзеня ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля, дзе служаць салезіяне, адбылося свята з нагоды ўспаміну св. Яна Боско. Яно прайшло пад дэвізам «Святасць таксама і для цябе».

Свята распачалося ўрачыстай Імшой, якую цэлебраваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Звяртаючыся да прысутных на пачатку літургіі, прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне адзначыў:

«Папа Францішак у прадмове да кнігі пра святога Яна Боско напісаў:

„Вам, салезіянам, пашчасціла, таму што ваш заснавальнік, Дон Боско, не быў святым з тварам "Вялікай пятніцы" — самотным, панурым, — але, хутчэй, з тварам "Пасхальнай нядзелі". Ён быў радасным, гасцінным, нягледзячы на тысячы цяжкасцяў і праблем, якія штодня яго даймалі”.

Гэтыя словы адносяцца не толькі да святароў, сясцёр альбо салезіянаў-супрацоўнікаў, але да кожнага, хто хоць крыху звязаны з ксяндзом Боско ці проста чуў пра яго, таму што ўсе мы пакліканыя быць людзьмі „Пасхальнай нядзелі“».

У гаміліі, разважаючы над словамі з Евангелля «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?» (Мц 18, 1), Апостальскі нунцый нагадаў, што «Езус як геніяльны настаўнік і выхавацель кліча да сябе малое дзіця, ставіць яго пасярод і павучае вучняў, што, канешне, супольнасць павінна быць структураваная, але большым ў ёй будзе той, хто стане малым, як дзіця».

«Дзіця — яно непасрэднае, простае, шчырае, не мае амбіцый.

Такім чынам, і супольнасць, якая хоча быць знакам Божага Валадарства на зямлі, не можа дапусціць у сябе кар’ерызму», — дадаў іерарх.

«Дон Боско прымаў дзяцей і „гэтую дарагую моладзь“. Ён быў менавіта такім святаром! І хто б не хацеў мець яго як сябра, як настаўніка, як кіраўніка? <…>

Ён быў чалавек Божы. Паверыў у любоў Хрыста і аддаўся Ягонаму дзеянню, жыў у прысутнасці Бога.

У гэтым — крыніца яго радасці і нястомнага падаравання сябе іншым», — звярнуў увагу прадстаўнік Святога Айца.

Прадстаўнік Святога Айца нагадаў удзельнікам Імшы сведчанне папы Францішка пра ксяндза Боско:

«Папа сустрэўся з салезіянскай духоўнасцю ўжо ў дзяцінстве. З маленства ён удзельнічаў у працэсіях, прысвечаных Марыі Успамозе Хрысціянаў, наведваў араторый святога Францішка Сальскага <…> У 1949 г. Папа стаў вучнем салезіянскага каледжа і адвучыўся ў ім адзін год.

Святы Айцец так апавядае пра тыя часы:

„Праз абуджэнне свядомасці ў праўдзе, у каледжы стваралася каталіцкая культура, якая не мела ў сабе нічога ад "пасрэднасці" ці "абыякавасці".

Вучоба, сацыяльныя каштоўнасці суіснавання, клопат пра найбольш патрабуючых, спорт, мастацтва, духоўныя практыкі... усё было рэальным і ўсе фармавала тыя звычкі, якія, разам узятыя, станавіліся стылем жыцця“».

«Галоўная ідэя метаду ксяндза Боско — нястомны пошук дабра, якое знаходзіцца ў іншай асобе. У кожным чалавеку ёсць нешта добрае, можа, прысутнае ў зародку, што аднойчы зможа расквітнець. Проста для гэтага неабходны асаблівы клімат», — дадаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Як нагадаў іерарх, ксёндз Боско навучыў святога Дамініка Савіо таямніцы святасці і мары: «Выконваць Божую волю адразу, заўсёды і з радасцю».

У сувязі з гэтым Апостальскі нунцый зноў працытаваў папу Францішка, які тлумачыць гэтыя словы так:

«Мы ўсе пакліканыя быць святымі, жывучы ў любові і даючы асабістае сведчанне ў штодзённых занятках, там, дзе знаходзімся. Калі ты кансэкраваная асоба, будзь святой, святым, перажываючы ў радасці сваё пасвячэнне. Ты жанаты або замужняя? Будзьце святыя, кахаючы і клапоцячыся аб вашай жонцы або аб вашым мужы, як і Хрыстус любіць Касцёл.

Ты працаўнік? Будзь святым, выконваючы сумленна і кампетэнтна сваю працу, каб гэтым служыць сваім братам. Вы бацькі або бабуля ці дзядуля? Будзьце святыя, цярпліва навучаючы дзяцей ісці за Езусам. Ты чалавек ва ўладзе? Будзь святы, змагаючыся на карысць агульнага дабра і адмаўляючыся ад сваіх асабістых інтарэсаў».

«І, хоць жыццё не заўсёды бывае лёгкім, пражыць яго як Божае дзіця, з любоўю да іншых — гэта сапраўдная мэта кожнага чалавека. Але на ўсё патрэбны час. Дайце яго і сабе, і іншым. Навучыцеся любіць сябе і тых, хто знаходзіцца побач, „з усім“ і не стаўце ўмовы для любові, — заклікаў Апостальскі нунцый. —

Няхай прыклад жыцця святога Яна Боско і сённяшняе свята дапамагаюць нам быць евангельскімі дзецьмі».

Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся ў араторый імя св. Яна Боско. У праграме было паказана, якім чынам ксёндз Боско дасягнуў святасці. Напачатку дзеці прапанавалі ўвазе прысутных сцэнку. Быў прадстаўлены дэвіз салезіянскай сям’і на 2019 год. Нумар пра змаганне дабра са злом паказала парафіяльная суполка «Адкрытыя сэрцы». Удзельнікі ўбачылі, што таксама праз фокусы і танцы можна маленькімі крокамі ісці да святасці, як гэта рабіў св. Ян Боско.

Былі ўзнагароджаны ўдзельнікі конкурсу малюнкаў пад назвай «Сон у 9 гадоў». Традыцыйна ўзнагароды атрымалі каманды-пераможцы спаборніцтваў па мікра-футболе Кубка Дона Боско. Скончылася свята традыцыйным салезіянскім «слоўкам на добрую ноч», з якім звярнуўся Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа