17 студзеня ў мінскім салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі св. Яна Хрысціцеля завяршыўсяў штогадовы, ужо восьмы турнір па мікра-футболе «Кубак Дона Боско».
Як паведамляе сайт салезіянаў Дона Боско ў Беларусі sdb.by, сёлета ў спаборніцтве ўзялі ўдзел шэсць каманд: «Ветэраны Марока», «Землякі», «Ляпіс», «Салезіяне», «Радыё Марыя» і «Мірыэль».
Паводле рэгламенту, да ўдзелу ў турніры дапускаецца кожны жадаючы, калі ён дасягнуў шаснаццацігадовага ўзросту і мае каманду. У гэтым годзе, як і заўсёды, на гульні збіралася каталіцкая і праваслаўная моладзь, юнакі іншых веравызнанняў, а таксама тыя, хто не адносіць сябе да якой-небудзь канфесіі.
У складзе каманды «Салезіянаў», між іншым, гулялі тры святары: рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, а месца на браме заняў кс. Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай Горцы. Дапоўнілі склад каманды салезіяне супрацоўнікі.
Як і штогод, турнір меў не толькі спартовае вымярэнне, але і момант фармацыі. У гэтым годзе дэвіз турніру быў сугучны з дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства на бягучы год: «Рэальныя пацаны — рэальная святасць».
Перад кожнай гульнёй арганізатары распавядалі хлопцам пра жыццё якога-небудзь святога мужчыны, што было аформлена ў выглядзе карткі з папулярнага футбольнага сімулятара Fifa. Карткі вешаліся на сцяну залі, у якой праходзілі гульні, і з цягам часу ўтварылася сапраўдная футбольная каманда са святых, галоўным трэнерам ў якой стаў Езус Хрыстус.
Адначасова на іншай сценцы стваралася яшчэ адна каманда, гэтым разам з удзельнікаў турніру. Побач з карткамі з выявамі гульцоў пад лічбай стоадсоткавага паказальніка святасці стаяў матэматычны сімвал імкнення. Гэта сімвалізавала упэўненасць у тым, што кожны можа стаць святым і што гэта рэальна. Трэнерам каманды хлопцаў стаў Дон Боско. Такім чынам, хлопцы згулялі з камандай святых віртуальны таварыскі матч, падчас якога святыя дзяліліся з хлопцамі сваім вопытам і досведам дасягнення святасці.
На спартовай пляцоўцы было таксама вельмі горача.
Спачатку каманды згулялі ў турніры кожны з кожным у турнірнай сетцы, па выніку гэтых гульняў дзве каманды, якія занялі першае і другое месца, адразу трапілі ў паўфінал, а астатнія змагаліся паміж сабою ў чвэрцьфіналах. Па выніках усіх гульняў склаліся такія паўфінальныя пары: «Салезіяне» – «Мірыэль» (перамогу з лікам 2-3 атрымаў «Мірыэль») і «Ляпіс» – «Землякі» (перамогу з лікам 2-0 святкавалі «Землякі»). У гульні за 3-е месца ва ўпартай і прыгожай барацьбе «Ляпіс» перамог каманду «Салезіянаў» з лікам 3-2.
Фінальная гульня стала сапраўдным упрыгожаннем турніру, было шмат цікавых футбольных момантаў, накал барацьбы і прыгожыя галы. У рэшце рэшт перамогу з лікам 2-1 атрымалі «Землякі». Такім чынам, яны разам з камандамі «Савіо» і «Вінегрэт» сталі двухразовымі пераможцамі «Кубка Дона Боско».
Свае ўзнагароды пераможцы атрымаюць падчас святочнай праграмы «Дон Боско шоў», якая адбудзецца 27 снежня пасля святой Імшы ў 12.00 у мінскім араторыі па адрасе: вул. Пляханава, 28/1. Шчыра запрашаем усіх наведаць гэтае свята. І не забывайцеся, што святасць магчыма для кожнага!
Фотарэпартаж з турніру ТУТ>>>