Пошук

22.01.2019 10:03   Catholic.by

У Дукорскім маёнтку прайшла выязная сустрэча сем'яў руху «Сужэнскія cустрэчы» пад назвай «Язык павінен дапамагчы любіць!».

Сем’і з дзвюх малых груп (пры касцёле Найсв. Тройцы і пры катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску) разам з дзецьмі і братам Алегам Шэндам OFMCap правялі нядзелю разам.

Сустрэча ўключала зімовыя катанні на санях, экскурсію, гульні. Але найбольш каштоўным для ўдзельнікаў з’яўляецца тое, што ў «Сужэнскіх сустрэчах» яны маюць магчымасць асаблівым чынам сумяшчаць два важныя элементы паўнавартаснага сямейнага жыцця: сямейны адпачынак і працу над сваімі сужэнскімі адносінамі, сужэнскім дыялогам.

Як адно, так і другое проста неабходна, каб адносіны развіваліся, абнаўляліся, рамантаваліся і пераадольвалі бясконцыя цяжкасці, мітусню і руціну.

Было цікава дакрануцца да гісторыі і даведацца нешта новае пра людзей і традыцыі гэтага гістарычнага месца Беларусі. Але яшчэ больш цікава было паспрабаваць падзяліцца сабой у сваім сужэнстве і даведацца аб нечым важным ад свайго мужа/жонкі на сустрэчы.

Мы пішам адзін аднаму так шмат паведамленняў у сацсетках, з такой лёгкасцю націскаем кнопкі «адправіць», але так цяжка бывае выкарыстоўваць свой язык, каб ён сапраўды дапамагаў любіць і будаваць адносіны ў сям’і. Лягчэй замкнуцца, недагаварыць, перавесці тэму, аджартавацца, затаіць крыўду... лягчэй рабіць усё, што заўгодна, але толькі не вучыцца станавіцца ў праўдзе ў сваім сужэнстве і дзяліцца адно з адным шчырым стаўленнем да сітуацыі, праўдзівымі пачуццямі і матывамі.

Але, калі атрымліваецца перамагчы свой страх быць незразуметым, высмеяным і падзяліцца сабой (часам прыкладаючы для гэтага дзялення велізарныя намаганні) — менавіта тады язык пачынае выконваць сваю галоўную функцыю: пачынае дапамагаць любіць і рамантаваць сямейныя адносіны.

Саша: «Гэта дзіўнае пачуццё, калі ты ад’язджаеш з сустрэчы не проста адпачылым ад штодзённай працы і абавязкаў, а напоўненым шчырым дыялогам са сваёй жонкай, яе простымі, але такімі важнымі для нашых адносін словамі... У гэты момант вельмі выразна ўсведамляеш, што хоць трошкі ўдалося адрамантаваць „балючае месца“ ў нашых адносінах, і я гатовы старацца далей».

Удзельнікі сустрэчы развітваліся з пачуццём надзеі, што ў кожнай сям’і будуць адбывацца маленькія перамогі ў спробах паглыбіць свой дыялог, а язык стане сапраўдным памочнікам у гэтым.

Бліжэйшыя рэкалекцыі для сем’яў, якія жадаюць умацоўваць, абнаўляць, аднаўляць і рамантаваць свае адносіны, адбудуцца 1–3 лютага ў Мінску ( непадалёк ад Бараўлянаў).

Тэлефоны для запісу:
Вольга: +375 29 316 95 59
Сяргей: +375 29 341 68 23

Абноўлена 23.01.2019 08:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа