Пошук

19.01.2019 15:42   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота. diocesidicremona.it

Як паведаміў партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, 14 студзеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася прэзентацыя афіцыйнай беларускамоўнай версіі гімна 34-х Сусветных дзён моладзі, якія ўжо праз некалькі дзён распачнуцца ў Панаме.

Пераклад тэксту гімна на беларускую мову здзейсніў кс. Андрэй Лішко, прэфект семінарыі ў Гродне, разам з семінарыстамі.

У дзень прэзентацыі ў семінарыйнай зале сабралася гродзенская моладзь, у тым ліку і ўдзельнікі беларускай дэлегацыі, якая скіруецца на сусветны моладзевы форум у Панаму, а таксама біскуп Юзаф Станеўскі, адказны за душпастырства моладзі ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Спеў гімна выканалі музычны гурт семінарыі Ave i музычны гурт Акадэмічнага душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Open.

Тэкст афіцыйнага гімна раскрывае дэвіз СДМ 2019, абвешчаны папам Францішкам: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38), a музыка пабудавана на характэрных панамскіх рытмах. Гімн СДМ — гэта перадусім малітва, якая гучыць ва ўсім свеце на розных мовах і ў розных аранжыроўках, а ў канцы злучае ўсіх удзельнікаў СДМ у адзін хор.

Аўтар гэтага спеву праслаўлення Абдыэль Хімэнэс, катэхет і кантар у парафіі Хрыста Уваскрослага ў Сан-Мігеліта, які напісаў шмат літургічных песень, з’яўляецца членам розных хораў і выпусніком факультэта рэлігійных навук Каталіцкага ўніверсітэта Санта Марыя-ла-Анцігуа.

Пераклад гімна СДМ 2019 на беларускую мову:

Мы, пілігрымы, сёння прыбылі сюды
з розных кантынентаў, гарадоў і вёсак.
Добрую навіну хочам свету абвяшчаць мы,
Кожны з нас — гэта Хрыста місіянер.

Так, як Марыя, хочам адказаць мы «Так»
на Твой заклік і Твой «план».
Радуецца неба і гучыць спевам хвалы,
уся зямля праслаўляе Твае справы.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Вось я, Твая слуга,
Вось я, Твая дачка,
Вось я, Твой сын

Тaк, як Марыя, хочам разам мы пайсці
як Касцёл, несці Тваю любоў.
Маладыя сведкі і верныя вучні,
Поўныя веры, радасці, паклікання.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Не страшыцеся, не бойцеся
занесці свету Божую любоў.
Аддаць Яму жыццё, так, як Марыя
Паказала нам, як быць слугою.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (6х)

Абноўлена 19.01.2019 15:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.