Пошук

14.01.2019 13:12   Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка / Фота: кс. Юзаф Сярпейка і Ванда Вульвіч / Catholic.by

На заканчэнне перыяду Божага Нараджэння ў Асіповічах адбылася рэгіянальная сустрэча моладзі. Галоўны лейтматыў гэтага дня заклікаў удзельнікаў засяродзіцца на ласцы хросту, які яны атрымалі.

Маладыя парафіяне з Асіповічаў, Бабруйска, Магілёва, Слуцка і Мінска былі запрошаныя падчас першай канферэнцыі адказаць сабе на два, здавалася б, банальныя, пытанні: «Хто я?» і «Адкуль я?» Аднак, па словах кс. Юзафа Сярпейкі, гэта істотныя пытанні, які адсылаюць нас да самага пачатку нашага жыцця, змушаюць усвядоміць адвечную праўду: няглядзячы на тое, адкуль я і якое маё мінулае, мне кожны дзень трэба адказваць сабе на пытанне: «Хто я?»

Адказ на гэтае пытанне дапамагае вырашыць, што сёння я маю магчымасць стаць лепшым, чым быў хоць бы ўчора.

Адарацыя Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, якую падрыхтавала моладзь з парафіі ў Бабруйску разам з с. Марыяй, дала ўдзельнікам сустрэчы магчымасць быць побач са Збаўцам і праслаўляць Яго.

 

Святую Імшу, якую ўзначаліў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, канцэлебравалі святары, якія прыехалі з парафій рэгіёну. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на тым, што наш супольны час — гэта перш за ўсё магчымасць такога адпачынку, дзе побач з Езусам мы набіраем духоўных сілаў.

Пасля Імшы і абеду кіраўнік хору катэдральнай парафіі ў Магілёве Яна Шумская правяла майстар-клас па літургічным спеве калядак.

Вяночак да Божай Міласэрнасці з разважаннямі падрыхтавала моладзь парафіі ў Асіповічах, тытул касцёла якой прысвечаны Божай Міласэрнасці.

Другая канферэнцыя, якую падрыхтаваў а. Павел Мажэйка OP з Магілёва, засяроджвалася на навучанні Папаў, а таксама прыгадвала значэнне сакрамэнту хросту.

Дзяленне Божым словам падчас сустрэчы засноўвалася на літургічных чытаннях свята Хросту Пана.

Пасля перапынку моладзь удзельнічала ў КВіЗе, які быў заснаваны на біблійных ведах.

Напрыканцы дзеці і моладзь з парафіі ў Мар’інай Горцы прадставілі калядны мюзікл.

На заканчэнне ўсіх удзельніках малітоўнай сустрэчы благаславіў пробашч парафіі а. Натанаэль.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа