З 4 па 6 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання, пад назвай «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць... (Лк 2, 10)».
Удзел у гэтых духоўных практыкаваннях — неацэнны скарб для кожнага юнака, які ўсведамляе сваю адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі і прагне ставіць Божую волю на першае месца.
Як паведамляе wsd.grodnensis.by, у межах рэкалекцый былі разважанне над Божым словам, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэчы ў групах, канферэнцыі, індывідуальныя размовы з душпастырам пакліканняў кс. Андрэям Лішко і знаёмства з семінарыйным жыццём.
У першы дзень духоўных практыкаванняў сабраныя прынялі ўдзел у Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў рэктар семінарыі ў Гродне кс. Віталь Вайцяхоўскі, паспрабаваўшы ў ёй запаліць у сэрцах удзельнікаў прагненне наследаваць Хрыста ў штодзённым жыцці.
Апошні дзень рэкалекцый стаў для юнакоў добрай нагодай яшчэ глыбей пазнаць саміх сябе, аднавіць сувязь з Хрыстом і зразумець тое, што Бог для кожнага чалавека падрыхтаваў асабісты і непаўторны шлях да святасці.
Кульмінацыйным момантам гэтага дня стала святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Пасля супольнай малітвы і сустрэчы ў групах адбылася інтэлектуальная гульня, у якой былі задзейнічаны амаль усе ўдзельнікі рэкалекцый. Падрыхтаваныя пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва і г. д. Адказ на многія пытанні залежаў ад логікі і кемлівасці ўдзельнікаў.
Арганізатары сустрэчы маюць надзею, што час, праведзены ў сценах семінарыі, пакіне пасля сябе багаты духоўны досвед у жыцці юнакоў, якім яны будуць шчодра дзяліцца ў сваім асяроддзі.