4 і 5 студзеня біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прыняў удзел у аплаткавых сустрэчах у Магілёве.
4 студзеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава прайшла аплаткавая сустрэча для вернікаў, якія клапоцяцца пра развіццё пілігрымкі Магілёў-Бялынічы і прымаюць у ёй удзел. 5 студзеня біскуп сустрэўся з дзецьмі з каталіцкіх парафій Магілёва.
У межах сустрэчы пілігрымаў найперш адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арганізатар апошніх дзвюх пілігрымак кс. Юзаф Сярпейка.
Святар распавёў y гаміліі, што пытанне вучняў «Дзе жывеш?», звернутае да Езуса, «кажа, што ёсць такія месцы на зямлі, дзе Езус “знаходзіцца” ў сябе, дзе “бывае” часцей, чым у іншых месцах, дзе не толькі праходзіць i бачны толькі ў нейкі момант, але дзе прабывае, трывае, знаходзіцца, дзе можна сесці i ўзірацца ў Яго, не баючыся, што зараз адыйдзе».
«Да гэтага месца належыць ісці, Евангелле нават не распавядае, дзе гэтае месца знаходзіцца, але той, хто пойдзе за Езусам, убачыць, дзе Ён жыве i як трывае», — дадаў кс. Юзаф Сярпейка.
Пасля літургіі ўдзельнікі пілігрымкі падзяліліся аплаткамі, якія благаславіў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Выказваючы святочныя віншаванні, іерарх найперш склаў падзяку за падтрымку і развіццё культу Маці Божай Бялыніцкай праз пілігрымку. «Пілігрымка — гэта таксама нашае сведчанне пра веру і пра нястомную любоў да Марыі, — дадаў ён. — Жадаю, каб хапіла ў нас дастаткова сіл перадаць любоў да Багародзіцы маладому пакаленню».
Біскуп распавёў крыху пра гісторыю арганізацый пілігрымкі, пра яе нястомнае развіццё і выказаў радасць з той прычыны, што «праз супольнае будаўніцтва санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай, а таксама праз атрыманне абраза наш народ будзе мець у абліччы Панны Марыі сваю Заступніцу, Апякунку, Каралеву і Маці».
Парафія Маці Божай Бялыніцкай у г. Бялынічы мае багатую гісторыю, звязаную з глыбокім марыйным культам. У цяперашні час парафіяльная супольнасць узялася адбудаваць знішчаную ў 60-я гады ХХ стагоддзя святыню і аднавіць культ Маці Божай Бялыніцкай.
Падрабязна пра жыццё і дзейнасць парафіі можна даведацца на старонцы belynichi.by.
Арганізацыю сустрэчы з дзецьмі ўзяла на сябе парафія св. Антонія Падуанскага, у якой нясуць служэнне айцы кларэтыны. Падчас сустрэчы іерарх, дзелячыся аплаткай, выказаў дзецям і іх бацькам святочныя віншаванні. Парафіяльная моладзь падрыхтавала для дзяцей інтэграцыйныя гульні і спеў калядак.
Апавяданнем пра мора і караблі ўзбагаціў сустрэчу ганаровы госць — капітан ІІІ рангу Аляксандр Страх. Ён паказаў удзельнікам розныя экспанаты і распавёў пра жыццё на караблі і пад вадой.
Напрыканцы сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў дзецям падарункі, якія падрыхтаваў адзін са шматлікіх дабрачынцаў Касцёла ў Магілёўскім рэгіёне Анатоль Даўгашэй, які кожны год выходзіць з гэтай ініцыятывай. Іерарх падзякаваў і памаліўся за яго, а таксама ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.