Пошук

07.01.2019 10:06   Паводле: Sviatynia.by / Catholic.by

6 студзеня, ва ўрачыстасць  Аб’яўлення Пана, парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску наведаў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл. біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як паведамляе сайт бабруйскай парафіі Sviatynia.by, падчас урачыстай св. Імшы пастыр звярнуўся да бабруйскіх вернікаў з гаміліяй, у якой на пачатку запытаўся, хто, на іх думку, першым пакланіўся Езусу. А былі гэта зусім не мудрацы, бо яшчэ да іх гэта зрабілі бацькі: Марыя і Юзаф. Менавіта таму яны часта паказваюцца на каленях перад Немаўляткам.

Наступнымі пасля Марыі і Юзафа нованароджанаму Езусу пакланіліся анёлы, заспяваўшы гімн хвалы, пастушкі са сваімі сціплымі сялянскімі дарамі, а ўжо толькі потым да ясляў прыйшлі мудрацы, якія прынеслі Немаўляці золата, кадзіла і міра.

Біскуп Аляксандр патлумачыў сэнс свята Аб’яўлення Пана, а таксама тое, кім былі тыя «Тры каралі, або мудрацы». Ён падкрэсліў, што тры — лічба ўмоўная, і зусім неабавязкова, што іх сапраўды было толькі тры. Гэтая лічба традыцыйна азначае Божае збаўленне.

Іерарх згадаў, што ў сірыйскай і армянскай традыцыях, напрыклад, гаворыцца пра дванаццаць мудрацоў. А паводле коптаў (егіпецкая традыцыя) іх было ажно… шэсцьдзесят!

Казаў біскуп Яшэўскі і яшчэ пра адзін сімвал Нараджэння і Аб’яўлення Езуса Хрыста: бэтлеемскую зорку. Ён нагадаў, што зорка першапачаткова прывяла мудрацоў не да Немаўляці Езуса, а да Ірада, бо багатыя госці з Усходу, відаць, кіраваліся чалавечай логіквй: калі нарадзіўся абяцаны Кароль Юдэйскі, то дзе ж гэта яшчэ магло адбыцца, як не ў каралеўскім палацы? Таму яны і пайшлі шукаць Езуса да Ірада. Яны не разумелі Божай логікі, паводле якой сапраўдны Кароль, Бог, можа нарадзіцца ў беднай стаенцы, на сене, сярод жывёлаў.

Гэтая гісторыя падказвае нам, што каб знайсці Бога, трэба кіравацца не толькі розумам, а часта і ўвогуле ісці насуперак яму, і слухаць, што нам кажуць Божае Слова і нашая вера.

Напрыканцы св. Імшы пасля словаў падзякі за супольную малітву біскуп Яшэўскі сказаў бабруйчанам, што яго настолькі ўразілі парафіяльны хор і прыгажосць літургіі, што з’явілася ідэя зрабіць тэлевізійную трансляцыю на Пасхальную Вігілію менавіта з бабруйскага касцёла.

Пра гэта ён будзе размаўляць з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Пасля Эўхарыстыі біскуп выйшаў да парафінаў, каб падзяліцца з імі аплаткай і абмяняцца віншаваннямі і святочнымі пажаданнямі. Адным з першых пажаданняў было тое, каб шматпакутная бабруйская святыня нарэшце набыла свой першапачатковы выгляд.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі пры гэтым зазначыў, што ён бачыць, як з кожным годам бабруйскі касцёл становіцца усё лепшым і прыгажэйшым усярэдзіне, і што калісьці ён, напэўна, закрасуе таксама і звонку, але галоўным хараством усё ж з’яўляюцца вернікі, парафіяне і прыгажосць іхніх сэрцаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця