6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў парафію ў Ракаве, дзе ўзначаліў святую Імшу.
Як адзначыў арцыбіскуп у гаміліі, тэалагічны сэнс урачыстасці Аб’яўлення Пана (Тры Каралі) у тым, што «Езус абдымае ў сваёй любові ўсё чалавецтва, людзей розных нацыянальнасцяў, культур, сацыяльнага статусу». Яна «нагадвае пра ўніверсалізм збаўлення ў Езусе Хрысце і пра імкненне Бога да ўсіх людзей як да сваіх умілаваных дзяцей». Таму гэтая ўрачыстасць «сведчыць аб тым, што ў Бога няма аўтсайдараў, няма чужых, няма адкінутых, бо ўсе належаць да Яго».
Іерарх дадаў, што Тры Каралі не належалі да выбранага народа, «былі язычнікамі, але ў той жа час былі людзьмі, якія шукалі сэнсу жыцця».
Тры Каралі, па яго словах, «пакінулі свае родныя мясціны, месца камфорту і супакою, каб ісці ў зямлю, якой не ведалі, каб знайсці крыніцу сапраўднага духоўнага супакою і камфорту — Езуса Хрыста».
Дары, якія яны прынеслі, «сведчаць аб тым, што яны добра ведалі, кім з’яўляецца нованароджанае Немаўлятка». Яны прынеслі Яму золата — як каралю, кадзіла — як святару і міра — як ахвяры, дзякуючы якой адбылося збаўленне. Пасля сустрэчы з Месіяй «яны панеслі ў сучасны ім свет радасную вестку пра нараджэнне Збаўцы».
Таму, падкрэсліў арцыбіскуп, гэтая ўрачыстасць заклікае да перамены стылю нашага жыцця: «Мы павінны перамяніцца са старога грэшнага чалавека ў новага святога, каб стаць сведкамі Евангелля. Менавіта такога падарожжа чакае ад нас Бог — падарожжа навяртання і перамены жыцця, падарожжа ўмацавання веры».
Урачыстасць Аб’яўлення Пана, па словах іерарха, — гэта таксама «добрая нагода паглядзець з надзеяй у нашу будучыню і выкарыстаць належным чынам магчымасці, якія дае нам Бог».
«Наша падарожжа веры не вядзе да жыццёвага поспеху ці ажыццяўлення нашых планаў. Яно павінна паказаць нашу вытрымку ў духоўным удасканаленні сярод выклікаў нашага часу», — патлумачыў арцыбіскуп.
«У часы наступаючага секулярызму і неаязычніцтва мы павінны браць прыклад з Трох Каралёў, якія не пабаяліся цяжкасцяў у пошуку нованароджанага Збаўцы.
Таксама і мы не павінны бянтэжыцца перад праблемамі ці няўдачамі ў нашым жыцці. Неабходна радавацца дасягненням, нават малым, бо яны будуць весці нас да духоўнай дасканаласці.
Калі даверымся Богу, то Ён будзе весці нас, як вёў Трох Каралёў, падарожжам нашай веры ў секулярным свеце», — сказаў пастыр архідыяцэзіі.
Іерарх пажадаў, каб дапамогай у гэтым падарожжы былі ўсталяваныя ў алтарнай частцы касцёла ў Ракаве новыя вітражы, благаслаўленне якіх адбылося падчас гэтай Імшы.
«У гэтых вітражах знаходзяцца анёлы. Бог даручае анёлам спецыяльныя функцыі, у тым ліку функцыі анёлаў ахоўнікаў. Няхай жа яны дапамагаюць нам бяспечна крочыць падарожжам веры, як крочылі Тры Каралі, каб яна ўзрастала з дня на дзень і вяла нас шляхам збаўлення», — дадаў арцыбіскуп.