Пошук

04.01.2019 11:49   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

3 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, адзначаў дзень свайго нараджэння. Іерарх узначаліў святую Імшу ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.

У Каталіцкім Касцёле адзначаўся ў гэты дзень успамін Найсвяцейшага Імя Езуса.

Як сказаў іерарх у гаміліі, гэтым успамінам Касцёл паглыбляе праўду аб Богаўцелаўленні.

Імя, дадаў арцыбіскуп, павінна адлюстроўваць прыроду рэчы. Так, Адам у раі даў жывёлам імёны, якія выражалі іх сутнасць. Людзям, якія адыгралі асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення, імёны даваў сам Бог: Адам — чалавек зямлі. Ева — маці ўсіх жывых, Абрагам — айцец усіх народаў.

Імя Езус, па словах пастыра архідыяцэзіі, таксама не было выпадковым, а было дадзена Богам. Яно было прадказана Марыі арханёлам Габрыэлем падчас Звеставання, а таксама ў сне святому Юзафу, якому Божы пасланец патлумачыў, што Езус збавіць чалавецтва з палону граху.

Такім чынам, Езус — значыць Збаўца, гэтае імя «кажа нам пра мэту Яго існавання, а менавіта збаўленне чалавецтва».

Вось чаму, падкрэсліў арцыбіскуп, мы павінны з вялікай пашанай ставіцца да Імя Езуса: бо яно святое і нагадвае нам пра тую ласку, якую мы атрымалі, — збаўленне.

Іерарх дадаў, што набажэнства да Імя Езуса ўкаранена ў Святым Пісанні, асабліва ў Дзеях Апосталаў: з апостальскіх часоў Касцёл вызнаваў праўду аб тым, што на Імя Езус згінаецца кожнае калена істотаў нябесных, зямных і падземных.

Культ Імя Езуса зрабіў агульным для ўсяго Касцёла папа Інацэнтый ХІІІ у 1727 г.

 

Месяц студзень прысвечаны ў Касцёле набажэнству да святога Імя Езуса.

«Імя Езус — гэта імя радасці, надзеі і любові. Імя радасці, бо нагадвае нам аб тым, што Езус збавіў чалавецтва з палону граху і гэтым самым вярнуў чалавецтву страчаную радасць.

Імя надзеі, бо калі мы просім аб чымсьці нябеснага Айца ў Імя Езуса, то атрымаем, аб чым Ён сам кажа.

Імя любові, бо нагадвае нам аб бязмежнай любові Бога да чалавека, апагеем якой стала крыжовая смерць Хрыста», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас святой Імшы іерарх прыняў віншаванні ў дзень нараджэння.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа