Пошук

29.12.2018 18:43   Тэкст і фота: Сняжана Буцук / Catholic.by

Святы Божага Нараджэння заўсёды напоўнены не толькі радасцю, але і прыемнымі клопатамі. Адметнымі яны былі сёлета і ў парафіі св. Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы.

Каб у гэты дзень патрэбным чынам скіраваць увагу вернікаў на таямніцу гэтай урачыстасці — прыйсце ў свет Бога ў чалавечым целе, — традыцыйна ў касцёле ўсталявалі батлейку. Толькі ў гэтым годзе яна асабліва адрознівалася сваёй крэатыўнасцю і вынаходніцтвам. Сёлета да Святой Сям’і — Немаўляткі Езуса, Марыі і і Юзафа — «прыйшлі» пакланіцца розныя звяры і птушкі.

Прыгажосць падрыхтаванага свята дапамагаў перажываць святы Мікалай, што завітаў у парафію якраз на Нараджэнне Пана. А дзіцячае выступленне стала агульным падарункам для Немаўляткі Езуса.

Сваім спевам, танцамі і гульнёй маленькія артысты хацелі дадаць радасці ўсім і дапамагчы паверыць у цуды. І дарослыя, і малыя гледачы з задавальненнем пабачылі выступленне парафіяльнага гурта «Пухавіцкія пярлінкі», актыўна падпявалі з месцаў знаёмыя мелодыі, пляскалі ў далоні, а некаторыя нават паўскоквалі з лавак, танчылі разам з артыстамі і падкідвалі самаробныя сняжкі. Сярод традыцыйных калядак знайшлося месца для сучаснага музычнага мастацтва.

Дарэчы, падрыхтаваны мюзікл атрымаўся лінгвістычным. Артысты выконвалі песні на чатырох мовах. А знакамітая традыцыйная «Ціхая ноч», якая святкуе зараз сваё 200-годдзе, гучала на арыгінальнай нямецкай мове.

Усе ўдзельнікі мюзікла адказвалі на пытанні святога Мікалая, прамаўлялі малітвы і напрыканцы, безумоўна, атрымалі падарункі. Доўгачаканы госць таксама ўзнагародзіў салодкімі неспадзяванкамі і тых, хто прыняў удзел у парафіяльнай выставе «Калядны цуд». Зробленыя самастойна вышыванкі, малюнкі, драўляныя цацкі прыносілі на яе дарослыя і дзеці.

У цёплай сямейнай атмасферы прайшоў у парафіі гэты час, дорачы гледачам і слухачам прыемнасць і дазволіўшы адчуць блізкасць бэтлеемскага цуду.

Ва ўсіх была магчымасць зрабіць фотаздымак на памяць. Заканчваючы сваё выступленне, артысты пажадалі вернікам, каб сярод святочнай мітусні яны знайшлі час на ціхую малітву ля яслей.

«Няхай Нованароджаны Езус прынясе радасць, святло і цеплыню ў вашыя дамы і сэрцы», — шчыра зычылі дзеці.

 

Абноўлена 29.12.2018 22:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця