У свята Святой Сям’і, 30 снежня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
У гаміліі арцыбіскуп прадставіў Святую Сям’ю як мадэль для кожнай сям’і, бо ў ёй панавала ўзаемная згода, паразуменне, клопат адзін пра аднаго і дух малітвы.
Усё гэта не азначае, што Святая Сям’я не мела праблем, і іх прадстаўляе Святое Пісанне. Напрыклад, у Бэтлееме ім не было месца ў заездзе, і месцам нараджэння Збаўцы свету стала стаенка, дзе трымалі хатнюю жывёлу.
Потым трэба было ўцякаць у Егіпет ад караля Ірада, які жадаў смерці Езуса, бо бачыў у Ім свайго суперніка. Марыя з Юзафам моцна перажывалі, калі Езус згубіўся, пакуль не знайшлі Яго ў Ерузалемскай святыні.
Публічнае жыццё Езуса прынесла шмат клопатаў Марыі, бо Яна бачыла, што Яе Сына не заўсёды прымалі і нават кпілі з Яго, кажучы: «Што добрага можа быць з Назарэта?» Называлі Яго таксама сябрам мытнікаў і грэшнікаў. І, нарэшце, несправядлівае асуджэнне Езуса, Яго крыжовы шлях і смерць.
Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, такая складаная гісторыя Святой Сям’і выклікае пытанне: як яна магла захаваць еднасць? Адказ — дзякуючы любові адзін да аднаго і да Бога.
Гэта, як дадаў іерарх, рэцэпт на хваробы сучаснай сям’і, дзе адчуваецца недахоп узаемнай любові і любові да Бога, у выніку чаго адбываюцца сваркі, насілле і г.д.
Таксама, адзначыў арцыбіскуп, вялікай праблемай сучаснай сям’і з’яўляецца тое, што яе члены не маюць часу адзін для аднаго: настолькі яны занятыя працай, праглядам телепраграм і іншымі справамі.
Іерарх заклікаў сем’і супольна маліцца, жыць ва ўзаемнай павазе і як мага больш часу праводзіць разам, каб быць радасцю і надзеяй грамадства.
Пасля Імшы адбылося благаслаўленне сем’яў, прэзентацыя кнігі «Арганы Беларусі» і адкрыццё адмысловай выставы, якая размешчана на тэрыторыі каля касцёла.
У сувязі са святам Святой Сям’і і з адкрыццём выставы арганаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў:
«Арган, які складаецца з тысячаў трубаў, толькі тады выдае з сябе прыгожую музыку, калі на ім грае добры арганіст. Сям’я таксама складаецца з многіх асобаў. Каб яна была добрай, каб у ёй панаваў дух згоды, любові і братэрства, неабходна, каб яна дазволіла ўздзейнічаць на сябе боскаму арганісту, якім з’яўляецца Дух Святы».