20 снежня супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску сабралася на перадкалядную аплаткавую сустрэчу.
Ужо стала традыцыяй, што перад выездам семінарыстаў на канікулы ў родныя парафіі з нагоды святкавання Божага Нараджэння адбываецца вігілійная аплаткавая вечарына, якая збірае разам семінарыстаў, фарматараў, выкладчыкаў, працаўнікоў і ўсіх сяброў семінарыі.
Сёлетняя аплаткавая сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на неабходнасці перажывання асабістага Адвэнту, падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам, якая чакае кожнага чалавека.
У якасці прыкладу біскуп указаў на перажыванне асабістага Адвэнту ў жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі, якая чакала нараджэння Збаўцы свету.
Пасля супольнай Эўхарыстыі ўсе сабраныя паслухалі Евангелле пра нараджэнне Езуса Хрыста і падзяліліся аплаткай, выказаўшы адзін аднаму святочныя пажаданні.
Навучэнцы семінарыі падрыхтавалі для ўсіх гасцей вечарыны адмысловыя падарункі з рукапіснымі ўрыўкамі-пажаданнямі са Святога Пісання, а таксама выступілі з аўтарскай паэтычнай і музычнай праграмай.
На заканчэнне сустрэчы рэктар семінарыі кс. Андрэй Рылка звярнуўся да ўсіх прысутных са словамі падзякі за магчымасць перажываць сумесную сустрэчу з нагоды надыходзячага святкавання Божага Нараджэння ў духу сапраўднай супольнасці.
У сваю чаргу біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў фарматарам і працаўнікам семінарыі за створаную сямейную атмасферу, узаемапавагу і падтрымку. На заканчэнне іерарх скіраваў словы настаўлення да семінарыстаў, заахвоціў сабраных да інтэнсіўнай малітвы аб пакліканнях і за пакліканых да святарства, а таксама ўдзяліў усім пастырскае благаслаўленне.