Пошук

21.12.2018 12:54   Паводле: Максім Гацак, Крыніца.info / Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота. ©zib.com.ua

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі 19 снежня адзначыў, што Каталіцкі Касцёл выступае супраць хатняга насілля, але ў канцэпцыі законапраекта, падрыхтаванай Міністэрствам унутраных спраў, прысутнічае ідэя гендару, прыняць якую Касцёл не можа.

Як паведамляе хрысціянскі інфармацыйны партал Крыніца.info, у адказ адна з распрацоўшчыц канцэпцыі законапраекта Ірына Альхоўка ў каментарыі «Радыё Свабода» заявіла, што ёй «незразумелы сэнс такіх выказванняў, таму што больш чым за два месяцы можна было б ужо разабрацца ў тым, што ўсё ж такі прапаноўвалася ў канцэпцыі закона, а чаго там не было і не магло быць. А менавіта, гендара».

«Так і хочацца прапанаваць спрэчку на мільён таму, хто знойдзе хоць бы адно згадванне слова „гендар“ у канцэпцыі», — сказала яна.

Журналісты партала Крыніца.info вырашылі прыняць гэты выклік. Яны адшукалі канцэпцыю законапраекта і простым наборам клавішаў ctrl+f (каманда пошуку) знайшлі цэлых 20 згадванняў слова «гендар» і вытворных ад яго.

Адкінуўшы частку з гэтых словаў як тыя, якія сустракаюцца ў назве дакументаў або спасылак на іншыя публікацыі, што ў той жа час не адмяняе самога факту прысутнасці слова «гендар» у іх, яны адабралі наступныя найбольш яркія згадванні слова і яго вытворных:

«Асноўнымі складнікамі выхавання з’яўляюцца, акрамя іншага, гендарнае выхаванне накіраванае на фармаванне ў навучэнца ўяўленняў пра ролю і жыццёвае прызначэнне мужчын і жанчын у сучасным грамадстве»;

«План мерапрыемстваў па рэалізацыі ўказанай Праграмы ўключае мерапрыемствы па сямейным і гендарным выхаванні (правядзенне ва ўстановах адукацыі інфармацыйна-асветніцкіх і выхаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу сям’і, фарміраванне адказнага мацярынства і бацькоўства, засваенне ведаў пра сутнасць і змест паняццяў „гендар“, „гендарныя стэрэатыпы“, „гендарныя ролі“, прафілактыка насілля ў сямейнапобытавай сферы, распрацоўка і рэалізацыя навучальных праграм факультатыўных заняткаў, накіраваных на фармаванне культуры сямейных адносін, гендарнай культуры навучэнцаў)»;

«прыняць заканадаўства, якое проста ўстанаўлівае крымінальную адказнасць за гендарнае насілле»;

«па ўліку гендарных фактараў пры правядзенні расследаванняў меркаваных выпадкаў гендарнага насілля ў дачыненні жанчын»;

«праводзіць абавязковую падрыхтоўку і прымаць кодэксы паводзінаў для супрацоўнікаў паліцыі з тым, каб забяспечыць улік гендарных фактараў у іх дзейнасці».

«На падставе гэтага, — адзначае партал Крыніца.info, — можна зрабіць выснову, што або спадарыня Альхоўка сама не чытала канцэпцыю законапраекта, або свядома ўводзіць у зман людзей, скажаючы інфармацыю пра дакумент.

Што самае галоўнае, робіцца гэта замест таго, каб шукаць пункты суадносінаў з праціўнікамі менавіта адмененага сырога дакумента, каб разам з імі зрабіць крок да вырашэння праблемы хатняга насілля ў Беларусі.

У любым выпадку, хацелася б даведацца, калі і куды прыходзіць за мільёнам, паколькі слова “гендар” у канцэпцыі мы знайшлі, і не адно, а цэлых 20», — пішуць журналісты хрысціянскага інфармацыйнага партала.

Абноўлена 21.12.2018 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа