Пошук


20 снежня ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў сталічным мікрараёне Серабранка адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкравных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая суправаджалася традыцыйным дзяленнем аплаткай.

У пастырскай сустрэчы бралі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, яго дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, святары і кансэкраваныя асобы, якія працуюць у парафіях Міншчыны і Магілёўшчыны.

Распачалася сустрэча, як звычайна, супольнай малітвай Літургіі гадзінаў і духоўнай канферэнцыяй, у якой кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч звярнуў увагу на небяспеку фальшывага разумення талерантнасці, якое існуе ў ліберальным грамадстве. Асэнсаваць пачутае ўдзельнікі дня засяроджання маглі ў ціхай малітве падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Апоўдні распачалася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр, зыходзячы з Евангелля пра Звеставанне, засяродзіўся на яго значэнні ў практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення. Ключавую ролю ў гэтым адыграла Марыя, якая пакорна прыняла прапанову Бога стаць Маці Збаўцы. Яе Fiat — «няхай станецца» — гэта ключ да зразумення таямніцы Уцелаўлення Божага Сына і таямніцы Збаўлення.

Усё сваё жыццё Марыя заставалася вернай дадзенаму падчас Звеставання слову і атрыманай ад Бога ласцы быць Маці Збаўцы. Будучы Маці Езуса, яна адначасова была Яго дасканалай вучаніцай, захоўвала ў сваім сэрцы словы, якія казалі пра Яго, і разам з Ім цярпела дзеля нашага збаўлення.

Арцыбіскуп заклікаў прысутных святароў, якія падчас пасвячэння сказалі сваё «так» Богу, ніколі не адракацца ад дадзенага абяцання, бо гэта ключ да паспяховага выканання святарскіх абавязкаў і свайго духоўнага ўдасканалення.

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы былі ўручаныя дэкрэты новапрызначаным дэканам і віцэ-дэканам архідыяцэзіі. Упершыню кандыдатаў на гэтыя пасады прадстаўлялі арцыбіскупу святары дэканатаў з дапамогаю галасавання.

Пасля арганізацыйнай часткі ў памяшканні салезіянскага араторыя, які дзейнічае пры парафіі, адбылося дзяленне аплаткай, падчас якога ўдзельнікі сустрэчы жадалі адно аднаму ласкаў і благаслаўлення ад Хрыста, які прыходзіць у свет.

Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 24 студзеня ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены.

Абноўлена 20.12.2018 22:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа