17 снежня адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з кіраўнікамі і прадстаўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый Беларусі.
Калядная сустрэча супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбылася ў цэнтры імя св. Лукі ў в. Ляскоўка. Сустрэча распачалася супольнай св. Імшой за ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў і ахвярадаўцаў Caritas, цэлебрацыю якой узначаліў іерарх.
У гаміліі падчас святой Імшы арцыбіскуп падкрэсліў, што такія сустрэчы сталі добрай традыцыяй і яе неабходна падтрымліваць. Яны даюць магчымасць пабыць разам, падзяліцца сваімі дасягненнямі і праблемамі, перадаць досвед служэння патрабуючым і, нарэшце, павіншаваць адзін аднаго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новага года, а таксама падзяліцца аплаткай.
Іерарх засяродзіў увагу на генеалогіі Езуса Хрыста, якую прадстаўляе Евангелле на гэты дзень. Сярод продкаў Езуса, як зазначыў арцыбіскуп, былі святыя і грэшнікі. Аднак усе яны упісаліся ў гісторыю Хрыста як Яго папярэднікі.
«Бог даў свету Збаўцу, які паходзіў з недасканалага шэрагу людзей. Усё гэта паказвае, што Божая ласка можа недасканаласць чалавека ператварыць у дасканаласць», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Падобна, па словах іерарха, і з нашым сацыяльным і духоўным жыццём: крызісы, якія мы перажываем, могуць стаць благаслаўленнем.
«Дабрачынная арганізацыя Caritas добра вядомая ў нашай краіне. Менавіта яна становіцца благаслаўленнем для патрабуючых і таксама для яе супрацоўнікаў, бо дае магчымасць духоўнага ўдасканалення.
Як апостал Мацвей напісаў генеалогію Езуса Хрыста, так і мы павінны пісаць генеалогію Caritas, каб быць злучанымі з яе каранямі, якія выводзяцца з Евангелля і прыкладу Езуса, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць іншым», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пасля Імшы дырэктары Нацыянальнага і чатырох дыяцэзільных Caritas узгадалі зробленае за мінулы каляндарны год, а таксама падзяліліся сваімі планамі на год надыходзячы.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў неабходнасць такіх сустрэч, бо гэта дае магчымасць дыяцэзіям абмяняцца вопытам.
«Прыемна, — падкрэсліў ён, — што існуюць розныя напрамкі дзейнасці. Сёння праца Caritas заключаецца не толькі ў забеспячэнні людзей гуманітарнай дапамогай, як было раней.
Адметна, што Caritas уваходзіць у сацыяльнае жыццё нашага грамадства і стараецца вырашаць важныя праблемы, а таксама стаіць на абароне нашых хрысціянскіх каштоўнасцяў. Бо сфера дзейнасці Caritas — дапамагаць не только матэрыяльна, але і духоўна».
Падчас дзялення аплаткай Тадэвуш Кандрусевіч выказаў супрацоўнікам Caritas святочнае пажаданне:
«Праз вашую дапамогу Хрыстус нараджаецца ў сэрцах людзей. Шчыра жадаю, каб мы ўсе ўзрасталі ў нашай веры, надзеі і любові. Радасных дзён, поўных Божай ласкі і любові! Хрыстовага супакою ў свята Божага Нараджэння!»
У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага Caritas кс. Віталій Дабраловіч таксама выказаў удзячнасць усім супрацоўнікам, дыяцэзіяльным і парафіяльным Caritas, партнёрам, ахвярадаўцам і валанцёрам за плённую працу на працягу года.