Пошук

17.12.2018 12:15   Эла Дзвінская / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

16 снежня ў белай зале мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены адкрылася выстава карцін Уладзіміра Ісачанкі «Там дзе жыве душа», прысвечаная Божаму Нараджэнню.

Выставу адкрыў сваім благаслаўленнем пробашч парафіі кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк.

«Усё, што стварыў Пан на добрае, на радасць нам мастак перадае ў фарбах. Ён адчувае сэрцам жыццё і дыханне прыроды, перадае яе прыгажосць, паказвае хараство чалавека. Глыбокая тэматыка яго карцін датычыцца падзей Новага Запавету. Благаславі, Божа, рукі майстра і яго сям’ю!» — сказаў пробашч.

Уладзімір Ісачанка нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Касцюкоўка на Гомельшчыне. «Маё дзяцінства прайшло на раце, якая ўпадае ў Сож. Увесь час дзецьмі мы бавіліся на рыбалцы. Бацькі працавалі на шклозаводзе імя Ламаносава паблізу Гомеля», — успамінае мастак.

У 1975 годзе Уладзімір скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а ў 1983 годзе — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Ён вучыўся ў Г. Ігнаценкі, А. Малішэўскага, У. Тоўсціка. Уладзімір Ісачанка працуе ў станкавым жывапісе, жанры пейзажу, нацюрморту, партрэту, кніжнай графіцы. Мастак жыве ў вёсцы Вялікі Трасцянец, назірае за прыродай, робіць эцюды і замалёўкі з натуры. Знакавымі вобразамі для яго нацюрмортаў становяцца каштаны, яблыкі, бульба.

«Усе мае карціны — розныя, — кажа мастак. — Аднойчы я захапіўся цеплынёй адносін паміж мамай і дачушкай і хутка перанёс сюжэт на холст. Так нарадзілася карціна “Чысты чацвер”. Іншы раз мы з сынам Паўлам каталіся на лыжах па садзе і нечакана ўбачылі зайца. Вушасціка я вырашыў пакінуць на карціне».

«У пейзажах Уладзіміра Ісачанкі адчуваецца пяшчота і гармонія, увага да навакольнага свету, — адзначыў госць выставы мастак Васіль Касцючэнка. — Добры, светлы, неабыякавы Уладзімір перадаў цішыню рэк Беларусі».

Улюбёная тэма Уладзіміра Ісачанкі — святыя крыніцы. Некалькі падобных працаў, якія адлюстроўваюць чысціню і спакой водных багаццяў Беларусі, прадстаўлены ў белай зале Чырвонага касцёла.

«Я люблю падарожнічаць, спыняцца ў святых месцах, ля крыніц. Уражанне ад убачанага я ў хуткім часе наношу на паперу. У маім жыцці так здарылася, што некалькі гадоў я пражыў у праваслаўным манастыры ў Чарнігаве па рэкамендацыі Мітрапаліта Філарэта. Я ўбачыў зусім іншы, Божы свет, займаўся рэстаўрацыяй. Гэты перыяд дапамог мне перажыць цяжкасці і выстаяць. Зараз я з вялікай радасцю ў душы пішу выявы Маці Божай. З 60 ікон і карцін на духоўную тэматыку я ўпершыню прадставіў сёння 8 прац», — дзеліцца ён.

Адна з карцін майстра называецца «Адпачынак у Егіпце». Незвычайная па кампазіцыі карціна прымушае гледача паразважаць над тым, у якіх умовах знаходзілася Святая Сям’я падчас уцёкаў у Егіпет. Рэалістычны партрэт апостала Паўла паказвае яго стомленым і натружаным місіянерскімі падарожжамі. Вобразы святых пакутнікаў напоўнены містыцызмам і адвечным духоўным святлом. Апошнія гады мастак працуе пераважна над стварэннем праваслаўных абразоў.

У мастацкім асяроддзі Уладзімір Ісачанка лічыцца адным з лепшых малявальшчыкаў. Яго творы, выкананыя ў рэалістычных традыцыях, адпавядаюць высокаму узроўню ў перадачы навакольнай рэчаіснасці. Ён з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.

Абноўлена 17.12.2018 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.