14 снежня ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах адбылося пахаванне св. памяці Тадэвуша Лісоўскага — бацькі пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе кс. прэлата Вінцэнта Лісоўскага.
Цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, з якім канцэлебравалі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама каля 60 святароў.
У гаміліі арцыбіскуп вобразна прадставіў памерлага Тадэвуша як «святара з народа», які часта праводзіў розныя набажэнствы, асабліва калі парафія заставалася без пастыра ў часы ганенняў.
Св. памяці Тадэвуш аддана ўшаноўваў Багародзіцу і распаўсюджваў Яе культ, асабліва Божай Маці Эйсманцкай, выява якой знаходзіцца ў бакавым алтары мясцовага касцёла.
У яго сям’і нарадзілася 4 дзяцей: 3 дачкі і сын. Бацька выхоўваў іх у духу любові да Бога і да бліжняга, і калі яго сын Вінцэнт пачуў голас паклікання да святарства, то, не вагаючыся, адказаў «так».
Хоць Вінцэнту Лісоўскаму не было дадзена прайсці фармацыю да святарства ў нармальных абставінах, ён яе праходзіў патаемна ў кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага з Пінскай дыяцэзіі. Ён атрымаў пасвячэнне прэзбітэрату патаемна, і доўгі час савецкая ўлада не дазваляла яму афіцыйна служыць. Будучы святаром, ён працаваў качагарам ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне. Толькі ў часы «перабудовы» кс. Вінцэнт змог афіцыйна распачаць сваё служэнне як святар.
Іерарх падкрэсліў, што кс. Вінцэнт у бацькоўскай сям’і загартаваў характар, які даў яму сілы не паддавацца цяжкасцям і плысці супраць цячэння. Вучыў яго гэтаму спачылы бацька.
У гаміліі арцыбіскуп нагадаў, што пахаванне адбываецца падчас Адвенту, праграма якога выражана ў закліку св. Яна Хрысціцеля рыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. Святой памяці Тадэвуш усё сваё жыццё жыў з такім намерам і сваім прыкладным хрысціянскім жыццём заклікаў іншых рабіць таксама.
«Ен завяршыў свой жыццёвы шлях даўжынёй у 90 гадоў, веру захаваў, і мы спадзяемся, што яго чакае карона святога.
Напішам нашай малітвай і святымі памкненнямі на магіле Тадэвуша словы першых хрысціянаў: „Тадэвуш, жыві ў Хрысце“», — завяршыў сваю гамілію ТК.