Вікторыя Гручанкова і Вольга Севярынец — аўтаркі хрысціянскага нататніка, які можна замовіць, зрабіўшы ахвяраванне на платформе ulej.by.
«Мы назвалі яго „Падзейнік“, каб кожны дзень быў напоўнены толькі сэнсоўнымі, добрымі падзеямі», — расказвае Вольга Севярынец.
Нататнік створаны па амерыканскай сістэме спісаў Bullet Journal. У ім змешчаны цытаты з Бібліі, тэксты па самаразвіцці ад польскага філосафа Андрэя Мытыха, сістэма планавання месяцаў і тыдняў і г.д.
«Сваю місію я бачу ў кропельках святла, знаках, якія праз нашыя рэчы могуць камусьці нагадаць пра Бога, — адзначае Вольга. — Часам, калі рыхтую новую рэч ці распрацоўваю ідэю, уяўляю, як стомлены чалавек вяртаецца дадому, едзе ў метро, занурыўшся ў свае думкі, падымае вочы і бачыць цішотку хлопца ці дзяўчыны насупраць: „Усё магу ў Хрысце, які мяне ўмацоўвае“, „Бог ёсць Любоў“.
Яшчэ адна мэта нашай крамы — „мяккая“ евангелізацыя, і я спадзяюся, што Пан Бог сапраўды можа прыходзіць праз нашыя рэчы ў жыццё іншых людзей».