Пошук

05.12.2018 15:36   Catholic.by

У ІІ нядзелю Адвэнту ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаецца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе. Сёлета ён будзе святкавацца 9 снежня.

У гэты дзень вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі моляцца за ўсіх, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе, — за дабрадзеяў, пры дапамозе якіх у нашай краіне узводзяцца і аднаўляюцца святыні і ажыццяўляюцца розныя душпастырскія праекты.

У Польшчы гэты дзень называецца Днём малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Пад Усходам тут разумеюцца перадусім краіны былога Савецкага Саюза. Ініцыятарам правядзення гэтага дня з’яўляецца епіскапат Польшчы.

Яго галоўная мэта — звярнуць больш увагі на супольнасць Касцёла, што адраджаецца ў краінах Усходняй Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама падтрымаць ініцыятывы на карысць евангелізацыі мясцовага насельніцтва, якое стала ахвярай пераследу веры і атэістычнай прапаганды ў савецкія часы.

Кіраўнік беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сувязі з гэтым адзначае:

«Такая акцыя салідарнасці польскіх католікаў з католікамі былога Савецкага Саюза праводзіцца ўжо ў дзевятнаццаты раз. Ахвяраванні, якія збіраюцца ў касцёлах, прызначаюцца на літургічную, катэхетычную, фармацыйную і рамонтна-будаўнічую дапамогу».

«Католікі Беларусі ўдзячныя сваім польскім адзінаверцам, якія дапамагаюць у адраджэнні Касцёла ў нашай краіне пасля трох пакаленняў ганенняў. Заахвочваю вернікаў 9 снежня памаліцца за нашых ахвярадаўцаў.

Няхай добры Бог ім благаславіць і аддзячыць за іх дабрыню і ахвярнасць», — дадае беларускі іерарх.

Абноўлена 05.12.2018 15:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.