1 cнежня ў нарачанскай парафіі св. апостала Андрэя прайшла дэканальная сустрэча моладзі «Андрэйкі», падчас якой падлеткі і моладзь з парафій Мядзельскага дэканату паўдзельнічалі ў конкурсе ведаў пра папу Францішка, паглядзелі сучасную нарачанскую інтэрпрэтацыю вядомай казкі і проста добра павесяліліся.
Як і штогод, сёлетнія «Андрэйкі» ў Нарачы былі тэматычнымі і прысвечанымі пяцігоддзю пантыфікату папы Францішка. З гэтай нагоды падчас сустрэчы сярод удзельнікаў прайшоў конкурс ведаў пра Святога Айца.
Правядзенне конкурсаў ведаў падчас дэканальных моладзевых сустрэчаў напярэдадні Адвэнту ў Нарачы ўжо стала добрай традыцыяй. Касцёл і Другі Ватыканскі Сабор, 100-годдзе з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, 500-годдзе з дня нараджэння славутай кармэліткі св. Тэрэзы Вялікай, каталіцкія місіі — гэтым тэмам былі прысвечаны конкурсы ведаў у нарачанскай парафіі ў папярэднія гады.
Такім чынам, нарачанскія «Андрэйкі» для юнакоў і дзяўчат гэта не толькі вясёлая забава, але і магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды і духоўна ўзбагаціцца, каб глыбей перажыць Адвэнт.
Распачалася сустрэча са св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў а. Юрый Кулай OCD з Мядзела. У прамоўленым Божым слове святар засяродзіўся на значэнні Адвэнту як часу падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом і заахвоціў моладзь «не праспаць» гэты час.
Пасля Імшы непасрэдна ў касцёле юнакі і дзяўчаты, «узброіўшыся» лісткамі паперы і асадкамі, распачалі выкананне конкурсных заданняў.
Іх прыспешваў не толькі абмежваны час, але і зімовы холад у святыні. Калі лісткі былі сабраныя, удзельнікі перайшлі ў гасцінны і ўтульны дом айцоў кармэлітаў, дзе іх чакаў смачны пачастунак і цёплая гарбата, дзякуючы чаму ўсе хутка сагрэліся. А калі распачалася другая частка сустрэчы — забаўляльная праграма — усім стала па-летняму горача.
На нейкі час большасць удзельнікаў сустрэчы ператварыліся ў гледачоў, а маладыя нарачанцы — у актораў, якія разыгралі выдатнае прадстаўленне па матывах вядомай казкі. Нарачанская Папялушка па-ранейшаму церпіць ад злой мачыхі і зайздосніц-сясцёр, але на баль прыходзіць не ў крыштальных чаравічках, а ў модных фіялетавых «кросах».
Драматызм старой і заўсёды актуальнай гісторыі, прадстаўленай маладымі акторамі з Нарачы, разбаўлены дасціпным гумарам і пранікнёнай лірыкай, не быў пазбаўлены і павучальнасці.
Калі кароль дае згоду на шлюб прынца з Папялушкай, бацька шчаслівай дзяўчыны просіць у манарха дазволу на развод са злой мачыхай. Але кароль, згодна з вучэннем Касцёла, загадвае свайму падданаму цярпець да канца, бо шлюб — непарыўны.
Пасля сцэнкі для моладзі распачалася дыскатэка, а арганізатары «Андрэек» мелі адказнае заданне: іх чакала праверка конкурсных прац удзельнікаў. Варта адзначыць, што большасць з іх паспяхова справіліся з заданнем і далі даволі шмат правільных адказаў на пытанні пра папу Францішка.
Вы таксама можаце праверыць сябе, наколькі вы добра знаёмыя з біяграфіяй і служэннем Пятра нашага часу, адказаўшы на пытанні гэтага тэсту.
Завяршылася сустрэча ў Нарачы ўзнагароджаннем пераможцаў конкурсу, сярод якіх аказаліся прадстаўнікі ўсіх парафій Мядзельскага дэканату, што бралі ў ёй удзел: з Канстаніцнава і са Свіры, з Нарачы і з Мядзела, а таксама з Будслава.
Шчаслівыя, румяныя твары ўдзельнікаў — а іх было больш за сотню — сведчылі пра тое, што ім вельмі патрэбныя такія сустрэчы, як нарачанскія «Андрэйкі». А гэта і ёсць самая галоўная ўзнагарода для арганізатараў — Мядзельскага дэкана кс. каноніка Багуслава Маджэеўскага, нарачанскай супольнасці айцоў кармэлітаў на чале з а. Бэрнардам Радзікам OCD і мясцовай катэхеткі Ірыны Шнітоўскай, якая ўсю душу ўкладае ў справу рэлігійнага выхавання сваіх малых «жэўжыкаў».