Пошук

30.11.2018 09:00   Паводле: Зміцер Лупач / catholicnews.by / Catholic.by

Верніцы невялікай каталіцкай парафіі ва Ушачах (Віцебская дыяцэзія) знайшлі цікавы спосаб, як зарабіць грошы на рамонт сваёй святыні.

Узляціць малітва высока.
Абначуе спагада ў храме.
Боль зямны знікне ў помірг вока.
Плач нябесны ўпадзе дажджамі.

Гэтыя словы паэта Рыгора Барадуліна верніцы з Ушачаў узялі як эпіграф да сваёй акцыі «Зберажом святыню разам». Мэта акцыі — сабраць сродкі на рамонт храма.

Чаму менавіта верш Рыгора Барадуліна? Бо ён жа іх зямляк! Але не толькі.

Рыгор Барадулін, калі прыязджаў на сваю малую радзіму, заўсёды заходзіў у касцёл.

Тэрэза Крыванос, парафіянка з Ушачаў, успамінае:

— Рыгор Барадулін і Ушачы — гэта такія дзве велічыні, якія разарваць проста немагчыма. Як ён не мог без Ушачаў, так і мы не ўяўляем без яго нашай мясцовасці. А для нашай парафіі ён быў проста «дзядзька». Ён нават патрабаваў, каб яго называлі не Рыгор Іванавіч, а менавіта дзядзька Рыгор. Прыходзіў сюды, як сваяк для кожнага з нас. Калі наведваў храм, адзін або са сваякамі, то садзіўся сціпла з краю, у першыя лаўкі не ішоў, хоць мы яго і запрашалі. Ціха маліўся, і калі падчас Імшы мы жадалі яму супакою, заўсёды плакаў.

У сталым веку Барадулін часта не вытрымліваў, і слёзы на вачах былі ў яго нават тады, калі мы прыносілі яму дадому кавалак ушацкага сала або пірага, загорнутыя ў сурвэтку. Ён іх цалаваў і плакаў, казаў: «Вы прынеслі мне кавалак майго дзяцінства».

Гісторыя Касцёла на Ушаччыне вельмі драматычная. Прычым гэта датычыцца не толькі саміх будынкаў, а ўсёй каталіцкай супольнасці. Першы ўціск яна спазнала пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Царскі ўрад тады забраў будынак касцёла ў вернікаў і аддаў яго пад праваслаўную царкву. Касцёльная маёмасць, прычым далёка не ўся, была перанесеная ў суседні храм у Селішчы.

Але на пачатку ХХ стагоддзя палітыка царскіх уладаў у адносінах да католікаў стала больш талерантнай, і ва Ушачах паўстаў новы храм.

— Лёс касцёла святога Лаўрэна ва Ушачах вельмі драматычны, — распавядае Валянціна Відзевіч. — Ён пачаў будавацца ў 1908 годзе. І да таго часу, як ён паўстаў (а будаваўся храм даволі доўга), адбыліся такія драматычныя, нават трагічныя падзеі, як Першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя, пасля грамадзянская вайна, пераслед вернікаў… Таму Касцёл тут не меў ніякіх умоў да існавання.

Савецкая ўлада забрала будынак у вернікаў, арыштавала святара, але і гэтым усё не скончылася. На Ушаччыне жыло шмат католікаў: толькі ў саміх Ушачах іх было больш за паўтары тысячы, а новая ўлада лічыла іх людзьмі ненадзейнымі, бо побач была тагачасная мяжа з Польшчай. Больш за тое, іх нават за людзей не лічылі, а называлі «недабрадзейнымі элементамі». Таму было прынятае рашэнне высяляць іх у глыб краіны, а гэтыя землі засяляць людзьмі немясцовымі. І якраз на Ушаччыне новая ўлада найбольш «пастаралася» ў гэтым плане. Гэта адна з прычынаў, што вернікаў цяпер тут вельмі мала.

Новым уладам святыні былі непатрэбныя; непатрэбным аказаўся і ўшацкі касцёл, ад якога да канца ХХ стагоддзя захаваліся руіны.

— Стаялі толькі адны сцены, на якіх раслі ўжо бярозы і рабіны, — успамінае Валянціна Відзевіч, — але Бог нас не пакінуў. У 90-х гадах да нас стаў прыязджаць ксёндз Мечыслаў Янчышын. Ён распачаў працу па аднаўленні нашай парафіі як каталіцкай супольнасці, а потым ужо паўстала пытанне аб аднаўленні касцёла.

Так дзякуючы працы святароў і вернікаў быў адроджаны храм ва Ушачах. Але ўтрымліваць такі вялікі будынак, які больш за паўстагоддзя стаяў без даху, маленькай парафіі не пад сілу.

— Парафія ва Ушачах, якая носіць імя святога Лаўрэна, знаходзіцца ва ўсходняй частцы Беларусі, дзе касцёл быў зачынены ўжо з 1918 года, — распавядае пробашч парафіі кс. Віталь Галец. — Таму большасць жыхароў тут — людзі няверуючыя. На нядзельную Імшу збіраецца толькі каля дваццаці пяці чалавек. Таму тут патрэбна найбольш місіянерская праца, у якой парафія паказвае, што яна заахвочаная адбудоўваць Касцёл як містычнае цела Хрыста. Прыклад гэтай працы — выраб ружанцаў.

— Ідэя плесці ружанцы ўзнікла ў нашага ксяндза Віталя, — працягвае размову Ірына Вер’ясава, якая каардынуе гэтую працу. — Ён паказаў нам плецены ружанец. І вось Ганна пачала распрацоўваць эскізы, дызайн, распрацавалі этыкеткі да ружанцаў і пачалі работу. Ганна правяла нам майстар-клас, навучыла нас усіх. Вось так і пляцем.

Ганна Струй з вялікай любоўю расказвае пра сваю працу. Бачна, што для яе гэта не праца, а захапленне:

— Сама справа гэта няцяжкая, нават цікавая. Часта прыходзіш з працы дадому і хочацца неяк адпачыць ад усіх гэтых клопатаў, што былі з табой цэлы дзень. Сядаеш тады за ружанец, чытаеш «Ойча наш», «Вітай, Марыя», і думкі самі сабою скіроўваюцца ў іншы бок. Адчуваецца прыліў сіл, зусім іншы настрой.

Кожны з ружанцаў, якія мы робім, асаблівы. Найперш таму, што гэта рэч, зробленая рукамі. І як кожны такі выраб, яна мае частку душы, настрою таго чалавека, які яе зрабіў. Кожны ружанец перш за ўсё непаўторны, таму што ён робіцца з малітвай, з любоўю да тых людзей, што будуць імі карыстацца.

Мы, калі робім свае ружанцы, перш за ўсё молімся. Найперш за адраджэнне нашай парафіі, аб адраджэнні касцёла на Ушаччыне, таму што менавіта гэта і падштурхнула нас займацца гэтай справай. Таксама мы думаем пра тых людзей, што будуць маліцца на іх. Каб малітвы, з якімі вернікі будуць звяртацца да Маці Божай, да Пана Езуса, даходзілі да іх. Каб вера, з якой яны будуць маліцца на гэтым ружанцы, рабіла іх больш моцнымі, больш упэўненымі ў жыцці.

Жанчыны кажуць, што яны навучыліся плесці ружанцы за 20–30 хвілін. Ёсць нават у іх свае лідары ў гэтай справе. Таму і вырашылі пашырыць сваю справу за межамі не толькі сваёй парафіі, але нават і дыяцэзіі.

Ірына Вер’ясава кажа:

— Першыя пакупнікі ў нас былі мясцовыя парафіяне, таксама ў гэтым годзе мы прадавалі ружанцы ў Будславе падчас фэсту, у Браславе. У наступным годзе маем намер паехаць на «Славянскі базар».

— Думаеце, іх там будуць купляць? — пытаюся з недаверам.

— А чаму не? Католікі ж там будуць, — хорам адказваюць жанчыны. — Туды ж не толькі католікі з Беларусі прыязджаюць. Такім чынам будзем выходзіць на міжнародны ўзровень, — жартуе спадарыня Ірына. Хоць відаць, што не зусім і жартуе: калі яны так вырашылі, то абавязкова пра іх ружанцы даведаюцца за межамі Беларусі.

— А цяпер толькі ва Ушачах прадаяце?

— Мы прапанавалі нашыя ружанцы таксама ў касцёл святой Барбары ў Віцебску і ўжо дамовіліся пра іх рэалізацыю ў касцёлах у Мінску. Таксама чакаем прапаноў ад святароў і ад тых людзей, што займаюцца продажам дэвацыяналій. Акрамя ружанцаў у нас ёсць невялікія плеценыя бранзалеты. <…>  Калі біскуп Алег Буткевіч даведаўся пра нашую працу, то таксама прыняў у ёй удзел. Ён ахвяраваў нам крыжыкі, якія прывёз з Італіі. Такім чынам ён падтрымаў нас, — дзеліцца Ірына Вер’ясава і працягвае:

— Каб падтрымаць наш праект «Зберажом святыню разам», дастаткова замовіць у нас ружанцы і такім чынам зрабіць свой унёсак у гэтую добрую справу. Бо ўсе сродкі, якія мы збяром, будуць накіраваныя на рамонт нашай святыні.

Таксама мы ўсёй нашай невялікай супольнасцю просім аб малітве за адраджэнне нашай парафіі. Нас вельмі мала, а хацелася б, каб наш касцёл напоўніўся людзьмі. Таму просім аб малітве за адраджэнне ўшацкай парафіі.

Замовіць ружанец, каб падтрымаць касцёл ва Ушачах, можна па тэл.:

+375 (29) 598 45 17 (Ірына Вер’ясава)
+375 (29) 291 41 63 (Ганна Струй)
+375 (29) 587 44 76 (кс. Віталь Галец)

Абноўлена 30.11.2018 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця