24-25 лістапада ў парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася пiлiгрымка сем’яў, арганізаваная душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі пры падтрымцы ДФ «Адкрытыя сэрцы». Лейтматывам сустрэчы сталі словы Панны Марыі «Хай будзе мне па слову Твайму», якія аб’ядналі разважанні арганізатараў і ўдзельнікаў пілігрымкі вакол тэмы асабістай, шлюбнай і сямейнай пакоры перад воляй Найвышэйшага, а таксама аднаго перад адным ва ўсіх аспектах шлюбнага жыцця.
Канферэнцыя а. Віталя Сапегі ОР звярнула ўвагу ўдзельнікаў на вопыт такіх Настаўнікаў Касцёла, як св. Ян ад Крыжа і св. Тэрэза Авільская, для якіх пакора і паслухмянасць былі неад’емнай часткай іх веры. Зварот да падобнага духоўнага погляду стаў неацэнным, паколькі адназначна зацвердзіў кожнага з прысутных у неабходнасці знайсці пакору ў штодзённым жыцці, а таксама паказаў важнасць супраціўленню пысе, якая пастаянна ахутвае нашу душу. У словах а. Віталя гучаў заклік да таго, каб палюбіць пакору і адкрыць сэрцы для Божай радасці, бо толькі маючы гэты дар, як было адзначана, мы здольныя бачыць і духоўны прагрэс, і тыя добрыя змены, якія адбываюцца ў нашым жыцці і ў нашых сэрцах дзякуючы прадбачліваму дзеянню Бога.
Выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту далі магчымасць кожнаму з прысутных убачыць сябе ў Хрысце такімі, якімі мы з’яўляемся на самой справе, нагадалі аб важнасці шляху ўнутранага ператварэння дзякуючы сакрамэнту паяднання і глыбіннай, канчатковай мэце кожнага шлюбу — вечным збаўленні.
Кульмінацыяй гэтага духоўнага свята стала святая Імша. Затым адбыўся круглы стол. Яднанне на ўзроўнях духу, душы і цела, неабходнасць сумеснай сямейнай малітвы як шляху перамянення шлюбных кайданоў і асаблівага паклікання да апостальства сталі тэмамі, якія былі раскрытыя супрацоўнікамі душпастырства сем’яў і ДФ «Адкрытыя сэрцы». Танцавальны вечар стаў традыцыйным і радасным завяршэннем насычанага дня.
Пілігрымкі сем’яў сталі для Віцебскай дыяцэзіі ўжо традыцыяй. Асабліва прыемна, што сем’і, якія прыязджаюць на падобныя сустрэчы, паступова ператвараюцца не проста ў супольнасць сяброў, але ў сапраўдную суполку вернікаў, якая абвяшчае ў сваіх родных гарадах і парафіях Добрую Навіну пра тое, наколькі добра ў той сям’і, дзе жыве Хрыстус. І гэта не можа не прыцягваць да паломніцтва ўсё новых удзельнікаў, бо для сем’яў так важна атрымліваць адказы на свае пытанні, вучыцца ўзрастаць у любові, сумесна знаходзіць веру і перадаваць гэтую спадчыну сваім дзецям.