Урачыстасць 108-й гадавіны асвячэння касцёла святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) адзначылі ў Мінску. З гэтай нагоды 25 лістапада, у дзень Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, прайшла адмысловая вечарына.
На свята ў Мінск прыбыў біскуп Казімір Велікаселец, які ў гэты дзень удзяліў сакрамэнт канфірмацыі дзясяткам маладых людзей.
У сваёй гаміліі біскуп узгадаў словы сусветна вядомых вучоных і пісьменнікаў Ісаака Ньютана, Міхаіла Ламаносава, Дзмітрыя Мендзялеева, Аляксандра Пушкіна, Фёдара Дастаеўскага пра цудоўную гармонію сусвету, духоўнае жыццё і душу чалавека, якую Бог стварыў прызначанай для вечнасці.
Вечарына, прысвечаная памятнай даце асвячэння Чырвонага касцёла, адбылася ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча. Прывітальнае слова гасцям бібліятэкі сказаў біскуп Казімір Велікаселец.
«Радасць напаўняе нашыя сэрцы, бо мы гадаваліся ў часы, калі храмы былі зачыненыя. Я нарадзіўся ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці ў 1948 годзе. Калі мне было тры гады, касцёл зачынілі, а ксяндза забралі ў турму. Нас выратавала вера бацькоў, хатні касцёл», — распавёў біскуп.
У вечарыне прынялі ўдзел прадстаўнікі мінскага літаратурна-музычнага аб’яднання «Галактыка»: паэтка Кацярына Мяшкова, спявачка і пісьменніца Ірына Цуканава, музыка і паэт Афанасій Бацяноўскі; навукоўцы, паэты і пісьменнікі, сябры бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, удзельнікі дзіцячай артстудыі «Неспадзянка» і ўдзельнікі музычнай групы Медыцынскай Палоніі Мінска і Мінскай вобласці.
Вяла імпрэзу, прысвечаную даце асвячэння касцёла, паэтка і кіраўнік мінскага літаратурна-музычнага аб’яднання «Галактыка» Кацярына Мяшкова. Дакументальная стужка адкрыла цікавыя факты, звязаныя з будаўніцтвам святымі.
На пачатку ХХ стагоддзя ў губернскім Мінску існавала толькі два касцёлы. Фундатар святыні Эдвард Вайніловіч замовіў праект польскаму архітэктару Томашу Пайздэрскаму з Варшавы. Завяршаў будаўніцтва архітэктар Генрых Гай. Матэрыял на будаўніцтва касцёла быў прывезены з Чэнстаховы, кожная цаглінка была загорнута ў паперу.
Уладзіслаў Трыпуз працягнуў аповед пра гісторыю касцёла святых Сымона і Алены, які перажыў шмат драматычных момантаў.
21 лістапада 1910 года ён быў асвячаны, стаў самым вялікім у горадзе і хутка атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл». Храм асвячаў кс. Вітольд Чачот. На ўрачыстасць прыбыў губернатар Якаў Эрдэлі.
Шмат выпрабаванняў перанёс касцёл у ХХ стагоддзі, але яму выпала важная роля стаць цэнтрам духоўнага жыцця Мінска. У 1932 годзе касцёл быў зачынены. У 60-я гады святыню хацелі знесці і на яго месцы пабудаваць сучасны кінатэатр.
У савецкія гады касцёл служыў пляцоўкай для кінастудыі «Беларусьфільм», у ім знаходзіўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР, пазней быў створаны Дом кіно.
З 1989 года кс. Уладзіслаў Завальнюк разам з вернікамі пачаў барацьбу за вяртанне народу каталіцкіх святынь у Мінску, аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах, Лагойску, Корані, Негарэлым і інш.
Каб вярнуць Чырвоны касцёл, вернікі праводзілі крыжовыя шэсці вакол яго будынка паўтара гады кожны вечар пасля працы, а ў нядзелю — днём, пры любым надвор’і ўзносілі малітвы. 21 лістапада 1990 года, у дзень свайго 80-годдзя, святыня была вернута Рыма-Каталіцкаму Касцёлу. У гэты ж дзень біскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу і благаславіў вернікаў у іх духоўнай і фізічнай працы па аднаўленні святыні.
Вядучая імпрэзы падкрэсліла, што з 90-х гадоў касцёл стаў цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця сталіцы, яго візітнай карткай. Тут штодня гучыць родная беларуская мова, захоўваецца духоўная спадчына продкаў. У бібліятэцы імя А. Міцкевіча захоўваецца 50 тысяч кніг з творамі нацыянальнай і сусветнай класікі. Словы сардэчнай падзякі прагучалі ў адрас пробашча Чырвонага касцёла ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка.
На імпрэзе гучалі вершы, прысвечаныя Чырвонаму касцёлу, напісаныя Кацярынай Мяшковай, Эдуардам Граковічам, Алегам Жыдовічам, Ірынай Багдановіч.
«Засявае Хрыстос дабрынёй Беларусь,
Яе бачаць крыштальнай крыніцай», — стварыла кранальныя радкі Кацярына Мяшкова.
«Чырвоны касцёл нас вітае абдымкам ахоўным», — напісала паэтка і перакладчыца Ірына Багдановіч.
На вечарыне адбылася прэм’ера песні, прысвечанай касцёлу. У ёй былі выказаныя думкі:
«У нашым касцёле ты знойдзеш сяброў,
Пан Бог адкрывае ў сэрцах любоў,
Усіх навучае, каб добрымі былі,
І тое, што трэба, старанна рабілі».