Пошук

26.11.2018 16:37   Тэкст і фота: Кацярына Дурко / Catholic.by

У нядзелю 25 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы ўрачыста адзначылі 15 гадоў існавання парафіяльнага хора Angeli, а таксама прэзентавалі новы электронны арган.

Распачалося святкаванне св. Імшой у інтэнцыі падзякі Богу за існаванне парафіяльнага хора, за ўсіх тых, хто належыў да супольнасці харыстаў на працягу гэтага часу.

Пасля Эўхарыстыі ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч вілейскай парафіі, благаславіў і прэзентаваў электронны арган, які з гэтага моманту будзе служыць парафіі падчас малітваў і набажэнстваў.

У сваёй прамове святар выказаў радасць з прычыны таго, што атрымалася рэалізаваць даўнюю задуму і дзякуючы ахвяраванням парафіян набыць музычны інструмент.

Пасля прэзентацыі і благаслаўлення аргана адбыўся канцэрт-малітва, які правёў хор Angeli для сабраных вернікаў. На пачатку канцэрта кіраўнік хора Ганна Аўсейчык узгадала этапы станаўлення і развіцця хору, а таксама адзначыла, што яго першапачатковая ідэя — сабраць не прафесіяналаў у музыцы, а людзей, якія прагнуць жыць з Богам, узрастаць у Яго любові і ёю дзяліцца з іншымі.

«Калі падвесці вынік гэтых 15 гадоў, то гэта была і ёсць неад’емная частка жыцця яго ўдзельнікаў, у якой галоўным кіраўніком з’яўляецца Бог», — падкрэсліла Ганна.

Падчас адмысловага канцэрту хор прадставіў не толькі разнастайныя рэлігійныя творы пад гучанне аргана, але таксама каментарыі-малітвы, у якіх разам з прысутнымі разважаў пра жыццё і пакліканне чалавека ў святле Божай Любові.

Даведка:

Хор Angeli афіцыйна распачаў сваё існаванне ў 2003 годзе ў дзень успаміну апякункі касцёльнай музыкі і спеву святой Цэцыліі. На той час гэта была невялікая група моладзі, якая прагнула сваім голасам служыць Богу і людзям.

У 2004 годзе хор атрымаў назву Angeli, каб па прыкладу анёлаў, якія любяць Бога і нястомна Яго праслаўляюць, ціха і пакорна служыць Богу і людзям. У 2005 годзе да моладзевай групы далучыўся хор дарослых, а таксама дзяцей. За гэты час хор запісаў два дыскі «Радасная вестка», у які ўвайшлі спевы на Божае нараджэнне, і «Хвалім Пана» са спевамі праслаўлення. Таксама тройчы быў выдадзены парафіяльны спеўнік «Хвалім Пана разам с анёламі».

У апошняе выданне ўвайшло каля 500 спеваў, а таксама тэксты малітваў і набажэнстваў у розныя літургічныя перыяды года. Сёння парафіяльны хор налічвае больш за 40 удзельнікаў, у які ўваходзяць парафіяне рознага ўзросту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.